Еўракамісія прапанавала беларускім дэмсілам распрацаваць дакумент, у якім было б апісана, куды яны хочуць прыйсці праз тры гады — і колькі грошай для гэтага трэба.
Такі дакумент быў складзены, разасланы зацікаўленым людзям — але выпадкова з’явіўся і ў публічным доступе. Так усе ахвочыя змаглі даведацца, што Еўракамісія плануе выдзеліць на дапамогу дэмсілам 250 млн еўра.
Хутка высветлілася, што дакументам — і размеркаваннем рэсурса — задаволеныя не ўсе. Таму Еўрарадыё пагаварыла з сябрам Каардынацыйнай рады Яраславам Бекішам, які быў адным з распрацоўшчыкаў гэтага дакумента. І з палітолагам Змітром Балкунцом, які незадаволены тым, каго запрасілі на абмеркаванне грашовага пытання.
Што гэта за 250 млн еўра?
Бекіш узяў удар фэйсбук-супольнасці на сябе, і перш чым прыйсці адказваць на пытанні рэдактара Еўрарадыё Паўла Свярдлова, доўга тлумачыў анлайн-супольнасці, што адбылося.
У эфіры ж Еўрарадыё Бекіш кажа: Еўрапейская камісія і іншыя краіны пастаянна запытвалі Беларусь, што ёй трэба, каб развівацца больш эфектыўна. У папярэднія гады на гэтыя пытанні адказвала дзяржава, а грамадская супольнасць крытыкавала гэтыя адказы.
— Напрыканцы 2021 года Еўракамісія ўпершыню звярнулася з гэтым пытаннем да Офіса Святланы Ціханоўскай. І Офіс распрацаваў першы Needs Assessment — такі дакумент, дзе даецца адказ на пытанне, якая падтрымка неабходная дэмсілам. Гэты дакумент тады накіравалі не толькі ў Еўракамісію, але і іншым краінам-донарам — ЗША, краінам-сябрам Еўрасаюза.
Сёлета Еўракамісія зноў звярнулася да Офіса Святланы Ціханоўскай, але там прапанавалі новую працэдуру. Сам Офіс гэтым разам мінімальна ўдзельнічаў у распрацоўцы дакументаў. І запрасіў паўдзельнічаць у працэсе розныя палітычныя сілы. У тым ліку, і сваіх апанентаў.
То бок, сабраў прадстаўнікоў розных сектароў і прапанаваў ім заняцца распрацоўкай сваіх Needs Assessment.
— Гэта не заяўка на фінансаванне — гэта дакумент-самаадзнака. У ім сказана: пад такія задачы нам патрэбныя такія рэсурсы, — тлумачыць Бекіш.
То бок, дагэтуль невядома, ці атрымаюць дэмсілы грошы, якія папрасілі.
“Гэта махлярства і карупцыя”
Балкунец настойвае: гэтыя вялікія грошы не ўплываюць на працэсы ўнутры Беларусі.
— І не паўплываюць на завяршэнне палітычнага крызісу. Ці патрэбныя гэтыя грошы ў сёняшняй сітуацыі? І навошта яны патрэбныя?
Проста ёсць група людзей, якія на працягу шматлікіх гадоў працавалі ў сістэме грантаў. Яны не прымалі ўдзел у актыўных дзеяннях, не высоўваліся на прэзідэнцкую пасаду. Для іх гэта бізнес-палітыка.
І каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба спачатку распрацаваць стратэгію. А для гэтага мець план дзеянняў. І ўжо калі мы будзем мець агульны план дзеянняў, прасіць рэсурсы, каб зрабіць палітычныя змены ў Беларусі.
Балкунец кажа, што некаторыя арганізацыі, якія ён лічыць вартымі фінансавання, у план не былі ўключаныя. Ён прыводзіць у прыклад тэлеграм-канал “Нехта” і медыярэсурс “Хартыя 97”.
— Напрыклад, мяне і Валера Цапкалу аднойчы запрасілі паўдзельнічаць у зуме з Еўракамісіяй. Але ніякіх прапаноў, якія прагучалі з нашага боку, у гэты дакумент уключана не было. Гэта была імітацыя.
А калі мы кажам пра неабходнасць размяркоўваць гэты рэсурс, трэба правесці адкрытую дыскусію. Гэта дазволіць кожнаму беларусу бачыць сітуацыю. А тое, што адбываецца цяпер — махлярства і карупцыя.
Дык як грошы паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі?
Бекіш адказвае: 250 мільёнаў на тры гады — гэта не нейкія казачныя грошы. Фактычна гэта проста базавыя патрэбы дэмсілаў. А ім пры гэтым супрацьстаяць адразу два рэжымы, якія аперыруюць мільярдамі. Грошы патрэбныя, каб арганізацыі пасля хвалі рэпрэсій неяк прыйшлі ў стабільны стан і маглі працаваць.
Да таго ж, у дакументах, якія так горача абмяркоўваюцца, ёсць не толькі нейкія “абстрактныя мэты”. Але і канкрэтная дапамога беларусам, якія сталі ахвярамі рэжыму.
— Калі мы адкрыем дакументы, якія абмяркоўваем, вы пабачыце блок — “Правы чалавека”. І ў ім асноўныя выдаткі, прадугледжаныя на падтрымку сямей палітвязняў і рэабілітацыю тых, хто выходзіць з-за кратаў.
Каго вы прадстаўляеце?
Балкунец кажа, што крытычна важна, каб людзі, якія прадстаўляюць беларусаў на такіх сустрэчах, абіраліся празрыста. І заяўляе, што ён не лічыць ні Аб’яднаны пераходны кабінет, ні Каардынацыйную раду легітымнымі прадстаўнікамі беларусаў. Ён пералічвае тых, каму на гэтым абмеркаванні месца не знайшлося: і Зянона Пазняка, і Паўла Усава, і Вераніку Цапкала.
Але атрымлівае ад гледачоў Еўрарадыё справядлівае пытанне: але калі Кабінет і Рада нікога не прадстаўляюць, дык каго прадстаўляе сам Зміцер? Ці ўсе пералічаныя ім палітыкі?
— Я прадстаўляю сябе як грамадзяніна Беларусі — і мне неабыякава, што адбываецца.
Галоўная прэтэнзія Балкунца — такая праца павінна рабіцца публічна. Зацікаўленыя людзі не павінныя знаёміцца з вынікамі праз выпадковы зліў у тэлеграме.
— Што перашкаджае правесці адкрытую дыскусію па стратэгіі? Пытанне ж не пра грошы. Пытанне пра мэты і планы. Калі Украіна просіць грошы на зброю, у яе ёсць канкрэтныя мэты і канкрэтныя планы.
А мы кажам проста: патрацілі 100 мільёнаў, дайце яшчэ 250. Гэтая пласцінка будзе доўга граць, калі няма стратэгіі.
Яшчэ раз для замацавання
Пасля стрыму на Еўрарадыё Бекіш зноў выйшаў да фэйсбук-супольнасці. Паабяцаў, што гэтым разам ужо дакладна з апошнім каментаром пра “дарожныя мапы” і грошы. Прыводзім вытрымку з яго:
— Першае і галоўнае: я не чуў ніводнага пытання па змесце. Усе, абсалютна ўсе пытанні да інклюзіўнасці працэсу, кшталту, "чаму нас не запрасілі". Пры гэтым большая частка упэўненая, што тыя, хто ўдзельнічаў у кансультацыях, — тыя і атрымаюць падтрымку. Ну і асабіста Францішак Вячорка, як без гэтага. Змест нікога не цікавіць, і гэта сімптом, — піша Бекіш.
Аднак Бекіш згодны з тым, што з усяго розгаласу вакол “мільёнаў Еўрасаюза” можна вынесці і канструктыў:
— З часткай іх крытыкі трэба пагадзіцца: гэта мусіць быць адкрыты працэс, ён патрэбны перш за ўсё для абмеркавання патрэбаў агульнай стратэгіі, якую спачатку трэба выпрацаваць. Ну, як кажуць, — карты ў рукі. Пакуль аб гэтым усе толькі яскрава кажуць.
Выкарыстоўваецца іншая тактыка: мы не будзем браць адказнасць за працэс і ўдзельнічаць у ім, не будзем патрабаваць удзелу, пакуль нешта не адбудзецца, а потым выйдзем з засады і пальем усіх "махляроў і самапрызначэнцаў" лайном. І такім чынам атрымаем падтрымку сваіх фан-клубаў. На жаль, гэта не той узровень адказнасці палітыкаў, на які хацелася б разлічваць.
Калі вам усё яшчэ незразумела, што гэта за грошы і хто іх атрымае, ёсць толькі адно выйсце. Глядзіце поўную версію размовы Паўла Свярдлова з Яраславам Бекішам і Змітром Балкунцом на ютуб-канале Еўрарадыё.