"Найбліжэйшыя 2 дні будуць гістарычнымі": 30 гадоў таму ў Віскулях адмянілі СССР

Падпісанне Белавежскіх пагадненняў / РИА Новости
Падпісанне Белавежскіх пагадненняў / РИА Новости

"З парламенцкіх колаў стала вядома, што сёння ў Мінск прыбывае прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын", — пісала 6 снежня 1991 года газета "Знамя юности". У праграме былі заяўлены сустрэчы з кіраўніцтвам БССР, дэпутатамі, грамадскасцю.

Але ў гэтага візіту была і іншая мэта.

"Як лічаць некаторыя народныя дэпутаты Беларусі, галоўная мэта прыезду прэзідэнта Расіі — сустрэча са сваім калегам... з Украіны. Так-так, Леанід Краўчук таксама прылятае ў Мінск. Больш за тое, не выключаецца прыбыццё і казахскага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева", — пісала выданне.

Да снежня 1991 года Савецкі Саюз ужо трашчаў па швах. Усе рэспублікі прынялі Дэкларацыі аб незалежнасці. Спроба захаваць СССР у ранейшым выглядзе, якую зрабіў ДКНС (ГКЧП), правалілася, а праект Міхаіла Гарбачова — Саюз Суверэнных Дзяржаў — буксаваў. Але галоўнае — правальвалася эканоміка. Апошні год СССР — гэта пастаянны дэфіцыт прадуктаў і цэны, якія растуць.

Вынікі той сустрэчы ў Віскулях дагэтуль выклікаюць жорсткія спрэчкі. Што гэта было: змова ці канстатацыя факта, як і запісана ў Белавежскіх пагадненнях? Не прэтэндуючы знайсці вычарпальны адказ на гэтае пытанне, Еўрарадыё проста надумала ўспомніць, як гэта адбывалася.
 

Беларусь. 1991-ы

Увесну 1991 года ў СССР правялі рэферэндум. Задалі пытанне: ці трэба захаваць СССР, ператварыць яго ў федэрацыю "раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці".

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Савецкая ўлада і саюзныя адносіны ў 1991 годзе па версіі газеты "Свабода"

Большасць — больш за 76% — адказалі "так". Варта, праўда, адзначыць, што далёка не ўсе савецкія грамадзяне прынялі ўдзел у гэтым плебісцыце. Насельніцтва 6 з 15 рэспублік (трох прыбалтыйскіх, а таксама Грузіі, Арменіі і Малдовы) наогул не галасавала. У БССР за абноўлены саюз былі амаль 83%, супраць — крыху больш за 16%.

Рэферэндум быў у сакавіку. А ў красавіку 1991 года ў СССР рэзка выраслі цэны. Афіцыйна — на 65-70%, рэальна ў разы. На плошчу Леніна ў Мінску выйшла каля ста тысяч рабочых. Яны прыйшлі сказаць, што абвяшчаюць забастоўку. Не сыходзілі з плошчы некалькі дзён. Супраць пагаршэння якасці жыцця пратэставалі і ў іншых гарадах.

У Оршы, напрыклад, на знак пратэсту мясцовыя жыхары наважылі заблакаваць чыгунку. Вярхоўнаму Савету БССР давялося рэагаваць — кіраўнікам прадпрыемстваў дырэктыўна даручылі перагледзець заробкі.

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
У Оршы рабочыя былі гатовыя перакрыць чыгуначныя пуці / фота Сяргея Грыца, газета "Свабода"

Яшчэ газетныя навіны з 1991-га. Восень:

"У Віцебску, каб купіць малако і тварог, трэба патраціць паўдня. Хлеб — з хранічнымі перабоямі... У Мінску, ва Уруччы, крамы забітыя чэргамі, самыя вялікія — па каровіны хвасты".

"Ні адна з рэспублік, аказваецца, не выконвае пагадненняў аб падатках у саюзны бюджэт. Акрамя Беларусі". Але гэта не дапамагае. "Саюзны бюджэт катастрафічна не выконваецца, фінансаванне яго дэфіцыту адбываецца выключна друкаваннем новых купюр".

Спыніўся Трактарны: "Завод вымушаны спыніць вытворчасць праз непастаўку металу з украінскіх і расійскіх металургічных камбінатаў. "Замежных" сумежнікаў цяпер ужо і валютай не прывабіш; падавай ім за метал не долары нават — тэлевізары "Гарызонт".

А на "Гарызонце" таксама праблемы. Падводзяць пастаўшчыкі: "Толькі ў жніўні гэтага года праз адсутнасць камплектуючых на цэлых дзесяць дзён давялося цалкам спыняць вытворчасць, і рабочыя атрымалі дадатковы адпачынак за свой кошт, якому не вельмі былі і рады".

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Фотарэпартаж з Мінскага трактарнага завода / газета "Знамя юности"

Сур'ёзна скараціліся пастаўкі нафты на беларускія прадпрыемствы. "Па прагнозах Наваполацкага гарсавета, калі ў найбліжэйшы час не адновіцца ранейшы рэжым работы прадпрыемстваў, каля 5 тысяч чалавек вымушаныя будуць шукаць працу". У Наваполацк тады прыехаў кіраўнік Вярхоўнага Савета БССР Станіслаў Шушкевіч. Ён расказаў, што мае намер абмеркаваць нафтавае пытанне ў часе візіту Ельцына ў Мінск.

"Знамя юности" той восенню вырашыла распытаць мінчукоў, калі і з чаго яны апошні раз смяяліся. "Калі я смяяўся? Нешта не прыгадаю... пры савецкай уладзе не пасмеешся — гэта ж жабрацкая краіна, які тут смех? Жыццё адпрацуеш, аддасі здароўе, і што наўзамен? Вялікі працоўны стаж і сутуласць. Можа, на пахаванне яшчэ тысяча якая ёсць. Пахавалі, і ўсё. Што тут смешнага..." — прызнаваўся выданню мужчына ў гадах.
 

Індзеец Ільіч, Дзяды і Ханука

У палітыцы ў той год і да Віскулёў адбываліся нябачаныя рэчы. Спачатку размовы пра рэфармаванне Саюза, потым — путч, спроба групы саюзных начальнікаў захапіць уладу і захаваць статус-кво — стары (ня)добры СССР з магутным цэнтрам і жалезнай партыйнай дысцыплінай.

Спроба не ўдалася, але яна падштурхнула рэспублікі да таго, каб яшчэ раз вярнуцца да тэмы незалежнасці. Праз пару дзён пасля зрынання ДКНС у Беларусі склікалі пазачарговую сесію Вярхоўнага Савета. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, якую там прынялі, атрымала статус канстытуцыйнага акта.

"Я прыехаў у адну краіну, а пакідаю зусім іншую. Вельмі ганаруся, што стаў сведкам сапраўднага пералому", — казаў у верасні 1991 года "Свабодзе" генеральны консул Польшчы ў Мінску Тадэвуш Мыслік. Той восенню канчалася яго місія ў Беларусі.

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Увосень 1991 года кіраўнік беларускага ўрада Вячаслаў Кебіч казаў, што не верыць у хуткае падпісанне новай Саюзнай дамовы / газета "Советская Белоруссия"

У Вярхоўнага Савета і ўрада БССР з'явілася маса працы — новыя законы (аб грамадзянстве РБ, аб падатках) і новыя пагадненні (з іншымі рэспублікамі і краінамі аб адносінах і супрацоўніцтве). Трэба было вызначацца з межамі. Гэта была адна з самых вострых праблем. Напрыклад, на перамовах з літоўскай дэлегацыяй у кастрычніку. Абмяркоўвалі праект Дэкларацыі аб прынцыпах добрасуседскіх адносін.

"Так, мы прыблізна ведаем, дзе яна праходзіць, — але толькі прыблізна. Нашы адпаведныя службы ўжо робяць аблёт мяжы, потым адбудуцца аэрафотаздымкі", — расказваў выданню "Знамя юности" ўдзельнік перамоваў дэпутат ВС БССР Пётра Садоўскі.

А ў пасёлку Іўе (статус горада ён атрымаў толькі ў 2000-м) у той год здарылася нечуваная гісторыя: напярэдадні галоўнага савецкага свята 7 лістапада дэмантавалі помнік Леніну. Праўда, як казалі чыноўнікі, з эстэтычных меркаванняў. Хтосьці адбіў Леніну нос, яму "прыляпілі новы, які з цягам часу чамусьці стаў белы і на фоне шэрага граніту надаваў Леніну выгляд індзейца". Так ці інакш, мясцовым камуністам у той год аказалася няма куды прынесці кветкі.

Затое ў Мінску за пару дзён да гэтага ўпершыню масава адзначылі Дзяды: мітынг прайшоў ля будынка КДБ. А ў снежні — зноў жа ўпершыню за многія дзесяцігоддзі — мінскія яўрэі змаглі адкрыта адсвяткаваць Хануку.

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Мітынг з нагоды Дня памінання продкаў ля будынка КДБ у Мінску ў лістападзе 1991 года / газета "Знамя юности"

Напярэдадні

1 снежня 1991 года ва Украіне адбыліся рэферэндум і выбары прэзідэнта. Выбралі Леаніда Краўчука. Больш за 90% грамадзян, якія прыйшлі на ўчасткі, выказаліся за незалежнасць рэспублікі.

Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў тым часам зноў звярнуўся да парламентаў саюзных рэспублік з просьбай аператыўна разгледзець Дамову аб Саюзе Суверэнных Дзяржаў і ўхваліць яе:

"Я прашу вас сказаць "так" такой форме раўнапраўнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, якая дазволіць нам сумесна, а інакш не атрымаецца — прайсці цяжкую і вельмі небяспечную паласу сваёй агульнай гісторыі", — казаў Гарбачоў. Ён спадзяваўся, што дамова будзе падпісана яшчэ ў 1991 годзе.

6 снежня ў Мінск прыляцелі прэзідэнты РСФСР Барыс Ельцын і УССР Леанід Краўчук. Ельцын выступіў у беларускім парламенце. Казаў пра тое, што "адышла ў гісторыю спроба аднаўлення Саюза ССР у ленінскай інтэрпрэтацыі", а ідэя "паўфедэрацыі" таксама цярпіць няўдачу, "усіх палохае наяўнасць цэнтра і яго магчымае адраджэнне ў старых формах. Удзельнікаў перамоваў становіцца ўсё менш". "Калі так будзе працягвацца, за стол перамоваў не будзе каму сесці", — рэзюмаваў Барыс Мікалаевіч. Ён асабліва падкрэсліў, што без Украіны гэты новы саюз цяжка ўявіць.

А потым Ельцын сказаў: "Найбліжэйшыя два дні будуць гістарычнымі". Беларускія журналісты пазней спынілі ў кулуарах Шушкевіча і запыталіся, ці падзяляе ён такі пункт гледжання.

"Дыктафонная стужка захоўвае ўсхваляванасць і шчырасць кіраўніка нашай рэспублікі: "Я спадзяюся, я вельмі спадзяюся, я зраблю ўсё, каб гэтыя словы сталі праўдай, сталі ісцінай", — пісала ў тыя дні "Советская Белоруссия".

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Станіслаў Шушкевіч сустракае ў мінскім аэрапорце Леаніда Краўчука. Барыс Ельцын выступае ў беларускім Вярхоўным Савеце / газета "Знамя юности"

Хоць яшчэ за некалькі дзён да гэтага Шушкевіч казаў, што "ў цэнтры ўвагі ў часе перамоваў будзе пытанне паскарэння эканамічных рэформаў у Расіі і ўзгадненне ў сувязі з гэтым пазіцый". Перад прыездам Ельцына ў Мінск з кіраўніком беларускага Вярхоўнага Савета размаўляў Алесь Ліпай. І пытанне пра новы саюзе без удзелу цэнтра гучала. Ліпай наўпрост спытаў у Шушкевіча, ці будуць кіраўнікі рэспублік абмяркоўваць у Мінску магчымасць аб'яднання ў новы саюз без удзелу саюзнай Масквы.

"Абмяркоўвацца могуць многія пытанні, але паводле папярэдняй дамоўленасці весці размову ў такім кантэксце мы не планавалі", — сказаў тады Шушкевіч. Яшчэ Ліпай пытаўся пра Гарбачова. Па звестках навінавага агенцтва, прэзідэнт СССР тэлефанаваў кіраўніку беларускай рэспублікі "і выказваў зацікаўленасць у сваім удзеле ў беларускай сустрэчы".

"Я не хацеў бы даводзіць да ведама змест усіх сваіх гутарак з Гарбачовым", — адказаў тады Шушкевіч.
 

Канстатуем, што СССР — усё

Пагадненне аб Садружнасці Незалежных Дзяржаў было падпісана 8 снежня ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы. Тэкст пісалі на месцы. Станіслаў Шушкевіч расказваў, што вёз Ельцына ў пушчу на паляванне, каб дамовіцца пра пастаўкі нафты і газу.

"Пачалі мы абмяркоўваць гэтую сітуацыю з нафтай і газам і ўбачылі, што калі дзейнічаць паводле закона, як складнікі Савецкага Саюза, то ў нас не застаецца іншага шляху, як прасіць Гарбачова, кіраўніка СССР. І тут філосаф, марксіст-ленінец Генадзь Бурбуліс [дзяржсакратар РСФСР. — Еўрарадыё] кажа: "А ці не пагодзіцеся вы падпісацца пад такой фразай: "СССР як геапалітычная рэальнасць і суб'ект міжнароднага права заканчвае сваё існаванне". І ўсе раптам пагадзіліся",успамінаў у інтэрв'ю Еўрарадыё Станіслаў Шушкевіч.

У канчатковым варыянце гэтая фраза гучала так: "Мы, Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя (РСФСР), Украіна, як дзяржавы-заснавальніцы Саюза ССР, якія падпісалі саюзную дамову 1922 года, якія далей называюцца Высокімі Дамоўнымі Бакамі, канстатуем, што Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне".

"Ближайшие два дня будут историческими": 30 лет назад в Вискулях отменили СССР
Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Вячаслаў Кебіч пасля падпісання Пагаднення аб стварэнні СНД / РИА Новости

Бакі дамовіліся таксама пра стварэнне новага ўтварэння — Садружнасці Незалежных Дзяржаў. А яшчэ пра намер развіваць "раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва сваіх народаў і дзяржаў" і каардынавацца па розных пытаннях: ад знешняй палітыкі да мытні. Пры гэтым захоўвалася аб'яднанае камандаванне ваенна-стратэгічнымі сіламі і адзіны кантроль над ядзернай зброяй.

У канцы дакумента гаварылася, што "гэта Пагадненне адкрытае для далучэння ўсіх дзяржаў — сябраў былога Саюза ССР", а таксама іншых дзяржаў, якія падзяляюць яго мэты і прынцыпы.

Ужо 10 снежня Вярхоўны Савет БССР ратыфікаваў Белавежскія пагадненні. Супраць выступіў толькі адзін чалавек — дэпутат Валерый Ціхіня. Газета "Знамя юности" пісала, што ён абвінаваціў Шушкевіча ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён казаў, што "Пагадненне не з'яўляецца Саюзам, гэта воблака ў штанах. На мой погляд, гэта драматычны крок". Тым не менш Пагадненне было ратыфікаванае. У гэты ж дзень дэпутаты дэнансавалі дамову ад 1922 года аб стварэнні СССР.
 

"Стоячы і апладысментамі"

У тыя дні беларускі парламент прагаласаваў за абвяшчэнне ўласнасцю РБ "усёй рухомай і нерухомай маёмасці, якая належала КПСС-КПБ, уключаючы грашовыя сродкі ў рублях і замежнай валюце", а Мінскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб перайменаванні плошчы Леніна ў плошчу Незалежнасці і Ленінскага праспекта ў праспект Скарыны.

"Падзея гэта была адзначана дэпутатамі стоячы і апладысментамі", — пісалі газеты.

"На чарзе ў нас перайменаванне многіх вуліц у Верхнім горадзе. Будзе гэта адбывацца паступова і зойме год-паўтара", — казалі ў гарвыканкаме. З карты Мінска павінны былі знікнуць вуліца Леніна, Рэвалюцыйная, Камсамольская, Энгельса, Камуністычная, Куйбышава. Паспелі перайменаваць толькі вуліцу Максіма Горкага — цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі