Вы тут

Нават лукашэнкаўскія выйдуць: на Краснасельскім цэментным заводзе ўпалі заробкі

ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" / cementby.com​

Работнікі ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" — аднаго з трох мадэрнізаваных цэментных заводаў — скардзяцца на падзенне заробкаў.

— Цяпер на рукі я атрымліваю 600 рублёў. Улетку я атрымліваў прыблізна 1200. Фактычная зарплата ўпала таму, што нас прымушаюць загадам гуляць па тры дні, — распавядае Еўрарадыё інжынерна-тэхнічны работнік завода. — Акрамя таго, не плаціцца прэмія. З-за гэтых і іншых фактараў зарплата ў некаторых ледзь не ў два разы меншая. А работы менш не становіцца.

Яшчэ адзін работнік завода дасылае свае разліковікі. За жнівень 2020 года ён атрымаў на рукі 723 рублі + 214 рублёў авансу. А за студзень — 404 рублі + аванс 172 рублі.

Разліковы ліст работніка ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" / Еўрарадыё

— Поўны аванс звычайна 250-280 рублёў. Цяпер ужо двойчы прыйшоў па 92 рублі. Спіхнулі ўсё на нейкія праблемы з абавязкамі, — расказвае рабочы з Краснасельска. — Раней грузчыкі атрымлівалі больш за майстра, ды і аб'ём працы быў меншы. Нам даплачвалі за ўборку тэрыторыі, цяпер такога няма. У летні сезон аб'ём працы зараз робіцца вялікі, зарплата 1200, але гэта таго не варта. А зімой прымусова прымушаюць гуляць выхадныя без захавання зарплаты.

Заробкі рэжуць, аб'ём працы не змяншаецца, а наадварот павялічваецца. Раней такога не было. "Кантору" увесь час АБЭЗ "шчэміць", а толку няма. На днях АМАП каля "канторы" круціўся. Не ведаю, з чым гэта звязана, але ўсё ж.

Праблемы з заробкамі на КБМ звязваюць з уступленнем у холдынг — Беларускую цэментную кампанію. Гэта адбылося ў 2018 годзе.

— Зімой заробак падае ў нас даўно. Такая сітуацыя на многіх заводах. Але цяпер гэта адчулася вельмі моцна. Нават лукашэнкаўскія з завода кажуць, што калі ім не будуць плаціць зарплату, то выйдуць на дэманстрацыю, — працягвае інжынер. 

Перанакіроўваем гэтыя пытанні намесніку гендырэктара ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" Генадзю Найдзюку. Ён адказвае, што хутка падаспее афіцыйны каментар. Але не вось проста зараз.

"Мы падрыхтуем інфармацыю, яна з'явіцца да выхадных. Гэтую інфармацыю мы рыхтуем і для БЕЛТА, так што і вы будзеце мець гэтую інфармацыю. Усё будзе", — абяцае намеснік дырэктара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.