Нават адмінам не быў: як на барабаншчыка з "Требуем разойтись" павесілі крымінал

"Требуем разойтись" на адным з нядзельных маршаў / сацыяльныя сеткі​
"Требуем разойтись" на адным з нядзельных маршаў / сацыяльныя сеткі​

Барабаншчык Аляксей Санчук з гурта "Требуем разойтись" не выйшаў з ізалятара пасля сутак адміністрацыйнага арышту. Праз адваката яго сябры даведаліся, што яму прад'яўленае абвінавачанне.

— Мы даведаліся, што на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сілавікі лічаць, што ён быў адмінам нейкага чата на некалькі чалавек і там "арганізоўваў дзеянні, накіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку". Там яны разам абмяркоўвалі, дзе збірацца, як разам дабірацца на марш, — расказвае Еўрарадыё сябар Аляксея. — Але ён нават адміністратарам чата не быў! Адзіны доказ, які ў іх ёсць, мяркуючы па ўсім, — што ён разам з нейкімі людзьмі выходзіў на маршы. І ўсё.

4 лістапада барабаншчыкі, якія выходзілі восенню на пратэставыя маршы, былі затрыманыя на рэпетыцыйным пункце.

— ГУБАЗіК "накрыў" гараж, дзе яны рэпетавалі, — працягвае наш суразмоўнік. — Затрымалі тады 16 чалавек. Сем адразу адпусцілі пасля размоў, а яшчэ дзевяць пакінулі ў аддзяленні міліцыі.

Тыя, хто выйшаў, расказалі, што Санчука ў аддзяленні збівалі і прымушалі разблакаваць мабільны тэлефон. Пасля гэтага беларускае тэлебачанне паказала сюжэт пра "забароненых барабаншчыкаў".

Па словах сябра Аляксея Санчука, на яго ціснуць не ўпершыню. Яшчэ перад выбарамі, пасля мітынгу Святланы Ціханоўскай у машыне барабаншчыка праводзілі ператрус. "Знайшлі там яе легальную атрыбутыку — але ўсё роўна пагражалі, што завядуць крымінальную справу".

Даже админом не был: как на барабанщика из “Требуем разойтись” повесили уголовку
Аляксей Санчук / асабісты архіў

Сябры апісваюць Аляксея Санчука як вясёлага хлопца, які любіць спорт і актыўны адпачынак. У яго сям'і расце маленькая дачка. Яны лічаць тое, што адбылося, пераследам на палітычнай глебе і спробай запалохаць беларускае грамадства: "Маўляў, на яго месцы можа быць кожны, не варта вам выходзіць з дому".

На думку сябра, усё павінна быць наадварот:

— Як мне здаецца, сапраўдныя парушальнікі грамадскага парадку — так званыя супрацоўнікі сілавых структур, якія замест таго, каб забяспечваць спакой грамадзян, бегаюць па дварах, каб крый божа некалькі тысяч чалавек не прайшліся па пешаходных сцежках у сваіх раёнах. І на самай справе ўлада проста хоча забалбатаць сапраўдныя праблемы, важныя для беларускага грамадства: застой у эканоміцы, згаленне шырокіх колаў насельніцтва, дэфіцыт бюджэту, правал у палітыцы па каранавірусе, згортванне льгот, развал прамысловасці. І перавесці іх з прадметнай плоскасці ў эмацыйную, выстаўляючы пратэстоўцаў нейкімі злачынцамі. Але відавочна, што людзі пратэстуюць не таму, што ім заплацілі, ці не таму, што яны жывуць пад чыёсьці дыктаванне, — падсумоўвае Аляксей.

Па артыкуле 342 КК можна атрымаць да 3 гадоў турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі