НАУ на чале з Паўлам Латушкам просіць Захад дапамагчы выратаваць Ігара Лосіка

Ігар Лосік / svaboda.org
Ігар Лосік / svaboda.org

Народнае Антыкрызіснае кіраванне (НАУ) звярнулася да прадстаўніцтваў ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі з просьбай дапамагчы выратаваць жыццё Ігару Лосику, распавёў лідэр НАУ Павел Латушка.

На ягоную думку, прадстаўніцтвы заходніх краін, якія валодаюць пэўным уплывам, маглі б афіцыйна звярнуцца да ўладаў Беларусі і асудзіць незаконны арышт актывіста і ўсіх палітвязняў. Акрамя таго дыпламаты маглі б заклікаць улады дапусціць да Ігара Лосіка незалежных лекараў; заклікаць яго спыніць галадоўку; а таксама падтрымаць патрабаванні дапусціць да Ігара родных і адвакатаў — на дадзены момант ён абмежаваны ў кантактах з імі.

Адміністратар тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу" Ігар Лосік знаходзіцца ў зняволенні з 25 чэрвеня 2020 года, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Першапачаткова яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Але 15 снежня стала вядома, што яму прад'явілі яшчэ адно абвінавачванне — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 25 сакавіка. У той дзень актывіст абвясціў галадоўку, якую трымае дагэтуль.

19 студзеня адвакат Дзмітрый Лепрэтар наведаў яго ў Жодзінскім СІЗА. Са слоў Лепрэтара, актывіст "адчувае сябе горш, чым падчас папярэдняй сустрэчы".

"Ігар сам пра гэта распавёў. У яго з'явілася слабасць і праблемы з ціскам. Раніцай ён вельмі нізкі, вельмі проста. А ўвечары падвышаны", - распавёў "Радыё Свабода " адвакат.

У знак салідарнасці з Ігарам Лосікам галадоўку з 19 студзеня абвясціў жыхар Мінска Уладзіслаў Багамольнікаў, паведамляў напярэдані партал TUT.BY. Таксама стала вядома, што галадоўку салідарнасці з палітвязнем пачалі таксама дзве студэнткі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта: Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян. Пра гэта паведамляе "Наша Ніва".

Раней з заклікам вызваліць Ігара Лосіка і іншых палітзняволеных да беларускіх уладаў звяртаўся спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Іман Гілмар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі