"Нашы авантурнікі": Саламея Русецкая-Гальпірова-Пільштынова (1718 – пасля 1760)

"Нашы авантурнікі": Саламея Русецкая-Гальпірова-Пільштынова (1718 – пасля 1760)

У рамках праграмы "Дата генератар" працягваем цыкл "Нашы авантурнікі", прысвечаны выбітным асобам айчыннай гісторыі. Гэты выпуск прысвечаны першай у Рэчы Паспалітай жанчыне-лекарцы — Саламеі Русецкай.

У 1718 годзе ў Карэлічах пад Наваградкам у сям’і шляхціча Яўхіма Русецкага нарадзілася дачка, якой далі біблейскае імя Саламея (ці Саламонія). Яе жыццё склалася зусім не тыпова для жанчын тых часоў, дый пазнейшых таксама. Бо як у шляхцянак, гэтак і ў мяшчанак усё жыццё з маладых гадоў і да смерці праходзіла пад знакам чатырох нямецкіх літар “К” — Küche (кухня, у больш шырокім сэнсе — дом), Kinder (дзеці), Kleider (адзежа і ўпрыгожанні), Kirche (царква).

А вось жыццё Саламеі Русецкай было зусім іншым.

Дзяўчынка атрымала выхаванне, якое больш падыходзіла хлопчыку: бацька навучыў яе ездзіць на кані, страляць з пісталета, валодаць кінжалам.

Шлюб і першае падарожжа

Вельмі рана — у 13 гадоў (у 1731-м) — бацька аддаў дачку замуж за лекара — немца Якаба Гальпіра, які збіраўся ехаць у Стамбул — сталіцу магутнай Асманскай імперыі. А напярэдадні ад’езду бацька падараваў дачцэ два добрыя пісталеты!

Турэцкая сталіца агаломшыла Саламею, якая прыехала з глухой правінцыі. Веліч і прыгажосць яму надавалі высокія мінарэты, раскошныя палацы, шматлікія фантаны. Горад славіўся сваімі кірмашамі і храмамі розных рэлігій, па яго вуліцах, пляцах і набярэжных гойсалі натоўпы людзей, якія гаварылі на шматлікіх мовах, а ў гавані прыходзілі сотні караблёў з розных краін.

Тут Якаб пачаў сваю медычную практыку. Нечакана для мужа юная жонка выказала цікавасць да медычнай справы, дапамагала яму лячыць хворых. Яна вызначалася назіральнасцю, розумам, здольнасцямі, таму даволі хутка авалодала метадамі лячэння некаторых хвароб і пачала практыкаваць самастойна. Знаёмы арабскі лекар раскрыў ёй спосабы і сродкі лячэння хвароб вачэй. Праз пэўны час яна атрымала афіцыйны дазвол улад на лекарства сярод жанчын.

Потым Саламея нарадзіла дачку, якую ахрысцілі як Канстанцыю — у гонар ранейшай назвы горада — Канстанцінопаля. А потым Саламея сама доўгі час хварэла і ў яе паўстала жаданне вярнуцца на радзіму. Калі акрыяла, яна разам з маленькай дачкой адправілася ў далёкі шлях праз розныя гарады.

Падарожжа на радзіму

Першым такім горадам на яе маршруце стаў Адрыянопаль у Фракіі (цяпер турэцкі Эдырнэ). Тут Саламея наведвала лазні, якія ў той час былі адзіным месцам, дзе жанчыны маглі вольна мець зносіны адна з адной. У лазнях яна знаходзіла сабе пацыентак.

Пасля Адрыяанопаля Саламея ехала праз гарады Ямбол, Татар Пазарджык (зараз проста Пазарджык), Філібэ (сучасны Плоўдзіў). Цяпер гэта тэрыторыя Балгарыі, а тады ўсе землі Балгарыі, Румыніі, Малдовы і паўднёвай часткі Украіны былі часткай Асманскай імперыі.

Каб трапіць у Сафію, трэба было ехаць праз Радопскія горы. Саламея купіла каня, апранулася як мужчына і далучылася да каравана купцоў, таму што ў тых горах рабавалі разбойнікі. Але выйшла так, што знакамітаму разбойніку Сары Гусейну спатрэбілася дапамога лекара. Калі Саламея вылечыла яго, ён адвёз яе разам з дачкой у горад Карлава да сваёй сям'і, і там яе вельмі добра прынялі.

Гэты горад, маляўнічыя горы вакол і мінеральныя крыніцы спадабаліся Саламеі. Атаман шчодра заплаціў лекарцы і адправіў яе з аховай у Сафію. Тут турэцкі паша Сафіі ўзяў яе лекарам у свой гарэм. Нечакана Саламея сустрэлася ў Сафіі з мужам, які прыехаў лячыцца мінеральнымі водамі. З ім быў памагаты-італьянец, які навучыў яе выпісваць рэцэпты на лацінскай мове і нават прайшоў з ёй кароткі курс медычнай падрыхтоўкі. Ён падарыў Саламеі некалькі кніг пра лекавыя травы і “Слоўнік хвароб” з пазначэннем лекаў для іх лячэння. Гэта дапамагло ёй удасканаліць свае веды.

Праз некаторы час Якаб Гальпір паехаў у Боснію. І адтуль неўзабаве прыйшла вестка пра яго смерць. Пабедаваўшы, Саламея адправілася з Сафіі ў Відзін — горад на Дунаі. На процілеглым беразе Дуная пачыналася Трансільванія, якая была тады аўтаномным княствам у складзе Асманскай імперыі.

Паша Відзіна Хайваз Мехмет папрасіў яе вылечыць трансільванскага князя Ёжэфа Ракацы (1700–1738). Туркі хацелі зрабіць яго каралём Вугоршчыны. Саламея пагадзілася. Але пацыент захапіўся ёю і хацеў, каб яна стала ягонай палюбоўніцай. Саламея адкінула гэту прапанову. Тады шкодны князь напісаў данос, у якім заявіў, што яна — аўстрыйская шпіёнка. Давялося Саламеі неадкладна ўцячы з Відзіна. Разам з дачкой і слугамі на нейкім караблі яны паплылі ўніз па Дунаі ў Рушчук. (Усё гэта адбывалася ў 1736–1737 гадах, калі Саламеі было ўсяго толькі 18-19 гадоў.)

У Рушчуку яе арыштавалі. Але Саламею чарговы раз выратавала мастацтва лекаркі. У тую ноч, калі яе схапілі, захварэў сын гарадскога скарбніка. Мясцовы лекар не ведаў, што рабіць. Тады арыштантка прапанавала свае паслугі. На трэці дзень хворы адкрыў вочы і хутка акрыяў. Турэцкі скарбнік аказаўся прыстойным чалавекам — у адрозненне ад князя Ракацы. Саламея атрымала волю і дазвол ехаць у Расію.

З Дубны праз Нясвіж у Пецярбург (1737–1740) 

Пасля заўчаснай смерці мужа Саламея атрымала ў спадчыну значныя сродкі. І калі прыехала ў горад Дубну ва Украіне (які таксама належаў Турцыі), за 300 залатых чырвонцаў выкупіла з палону маладога і прыгожага аўстрыйскага афіцэра Іосіфа Фартуната дэ Пільштына. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам.

А ў Дубну прыехаў вялікі літоўскі гетман князь Міхал Радзівіл “Рыбанька”, і Пільштын паступіў да яго на службу. Калі князь вырашыў вярнуцца ў Нясвіж, ён узяў Іосіфа і Саламею з сабой. А ў Несвіжы жонка князя Францішка Уршуля Радзівіл прызначыла Саламею сваім асабістым лекарам. Вось так разам з імі ў 1738 годзе (ва ўзросце 21 года) яна вярнулася на радзіму — праз сем гадоў пасля ад’езду з Гальпірам. У Нясвіжы яна паспяхова працягнула медыцынскую практыку.

Але праз некалькі месяцаў Саламея задумала паехаць у Пецярбург, каб выкупіць з рускага палону дваіх знаёмых туркаў. Радзівіл доўга не пагаджаўся на тое, пераконваў Саламею, што да імператрыцы яе не дапусцяць. Але яна настаяла на сваім.

Саламея пакінула дачку ў Нясвіжы ў манастыры бенедыктынак і накіравалася ў Пецярбург. Яна ехала праз Вільню, Рыгу і Нарву, дзе лячыла пацыентаў з розных станаў. Некаторыя з іх у знак падзякі давалі ёй рэкамендацыйныя лісты.

У Пецярбургу Саламея пасялілася на Васільеўскім востраве ў доме брыгадзіра Сямёна Каравулава — па рэкамендацыі яго сястры Марыі, з якой пазнаёмілася ў Нарве. На думку новага сябра, дапамагчы Саламеі атрымаць аўдыенцыю ў імператрыцы Ганны Іаанаўны магла княгіня Марыя Чаркаская, жонка першага міністра імператрыцы Аляксея Чаркаскага.

Таму Саламея знарок пазнаёмілася з гэтай дамай і нават паступіла да яе на службу як сямейны лекар. У сваю чаргу Марыя Чаркаская на прыёмах у імператрыцы хваліла прыезджую лекарку. Потым Саламея вылечыла дзяўчыну, якая доўгі час лічылася сляпой. Вестка пра цудоўнае вылячэнне хутка разнеслася па Пецярбургу, і неўзабаве Саламею выклікалі ў палац. Яна спадабалася імператрыцы, якая звала яе “Свет мой, госпожа докторша, Саломонида Ефимовна”.

У Пецярбургу Русецкая жыла каля двух гадоў, завяла шмат знаёмстваў, заслужыла ўсеагульную павагу. Калі надышоў час развітання, імператрыца Ганна Іаанаўна падарыла ёй 1000 рублёў на дарогу, наборы срэбных кубкаў, адрэзы тканіны, абрусы з імператарскімі гербамі і замест двух палонных туркаў загадала вызваліць і адправіць на радзіму чатырох!

Паездка ў Аўстрыю

Дахаты Саламея ехала праз Нарву, Рэвель, Рыгу, Біржы, Вількамір, Вільню і так прыехала ў родныя Карэлічы. Тут яна хутка засумавала, бо ціхае жыццё ёй не падабалася.

Яна вырашыла паехаць да сваякоў свайго другога мужа Пільштына, каб вярнуць грошы за яго выкуп з турэцкага палону. І, нягледзячы на тое, што была цяжарная, адправілася ў шлях (праз Польшчу, Сілезію, Маравію, Аўстрыю) у мястэчка Піхельштейн, як звалі па-нямецку Камна Горыцу.

Адпачыўшы ў Камна Горыцы шэсць тыдняў, але грошай не атрымаўшы, вандроўніца адправілася ў Вену. У яе была надзея атрымаць кампенсацыю ў імператара Карла VI за выкуп афіцэра імператарскага войска. Аднак, хоць імператар і імператрыца добра яе прымалі і абяцалі дапамагчы, нічога ад іх яна не атрымала. А Саламея нарадзіла тут сына Францыска-Ксаверыя. Грошы былі вельмі патрэбныя.

Ёй дапамог новы турэцкі амбасадар Алі-бей, да якога яна з’явілася з прапановай медычных паслуг. Алі-бей ахвотна прыняў лекарку на службу, бо яна ведала турэцкую мову і звычаі. Саламея лячыла супрацоўнікаў і слуг амбасады, іх сямейнікаў, а яны шчодра плацілі ёй і рабілі падарункі. Чуткі пра выдатную лекарку пайшлі кругамі па Вене, да яе пачалі звяртацца гараджане і нават прыдворныя. Жыццё наладзілася.

У 1740 годзе імператар Карл памёр, на пасад узышла яго дачка Марыя Тэрэзія, якая была ўсяго на адзін год старэйшая за Саламею. Паміж імі склаліся добрыя адносіны.

Далейшыя падарожжы

Усё ішло вельмі добра. Але Саламею зноў пацягнула ў дарогу. Імкненне да прыгод і неабходнасць зарабляць на жыццё гналі яе з краіны ў краіну, з горада ў горад. Так яна і вандравала з месца на месца, нідзе не знаходзячы спакою. Сілезія і Польшча, Украіна і Малдова, Румынія і Балгарыя... Займаючыся медычнай практыкай, яна пабывала ў Варшаве, Львове, Камянцы-Падольскім, Кіеве, Хоціне, Ясах, Бухарэсце… І ўсюды лячыла хворых.

Коратка пераказаць падарожжы і прыгоды Саламеі немагчыма: жыццё яе было насычана падзеямі, не раз яна бывала ў небяспецы. Але яна вылучалася розумам, дасціпнасцю і адвагай. І заўсёды мела пры сабе пісталеты з набоямі. А дзякуючы мастацтву лячэння ўсюды знаходзіла заступнікаў і сяброў, якія дапамагалі ёй спраўляцца з ворагамі і нядобразычліўцамі.

Ізноў Стамбул

Праз шмат гадоў яна зноў прыехала ў Стамбул, горад, дзе прайшло яе юнацтва. Гэта была ўжо спелая жанчына і знакаміты лекар. Шмат якія заможныя гараджане ведалі яе і ставіліся з вялікай павагай. Турцыя стала надзейным прытулкам для Саламеі. Яна паспяхова лячыла хворых, сярод якіх былі саноўнікі, сёстры султана Мустафы III (кіраваў у 1757–1774 гадах) Айша і Асма, яго шматлікія жонкі ў гарэме.

Стамбул — апошняе вядомае месца знаходжання Саламеі. У 1760 годзе яна збіралася ў паломніцтва ў Святую Зямлю. Прайшоўшы за 28 гадоў шмат прыгод і расчараванняў, яна спадзявалася знайсці там суцяшэнне. Ажыццявіла яна свой намер ці не, невядома, як невядомы і яе далейшы лёс. 

Пасляслоўе

Саламея была складанай натурай. У ёй змагаліся супярэчлівыя пачаткі: цікаўнасць да свету і людзей, вынаходлівасць — і вера ў непазбежнасць лёсу; Божае наканаванне; спачуванне да чужога гора — і жорсткасць; прага ціхага сямейнага шчасця — і імкненне да небяспечных прыгод, змены месцаў і акалічнасцяў.

Амаль усё, што мы ведаем пра яе жыццё і прыгоды, мае адну крыніцу — яе уласныя мемуары, пазначаныя 1760 годам.

Арыгінал мемуараў знаходзіцца ў Кракаве, у музеі князёў Чартарыйскіх. Упершыню кніга Саламеі выйшла ў 1957 годзе ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі