Начныя абстрэлы Запарожжа і Харкава — 225-я раніца вайны ва Украіне

Працягваецца контрнаступленне УСУ ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях / AFP

Раніцай расійскія войскі абстралялі Запарожжа. У горадзе пачаліся пажары. Мэтай былі аб'екты інфраструктуры, але пашкоджаны, у тым ліку і жылыя дамы, шматпавярхоўкі, распавёў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. Пазней ён паведаміў, што загінула адна жанчына. Яшчэ як мінімум пяць чалавек знаходзяцца пад заваламі. Сярод шпіталізаваных ёсць і трохгадовае дзіця.

Абстрэл і пажар гэтай ноччу былі і ў Харкаве. Тут таксама мэтай, мяркуючы па ўсім, быў інфраструктурны аб'ект. Які менавіта, мэр горада Ігар Церахаў не распавёў. Напісаў толькі, што "інфармацыя аб пацярпелых і ступені разбурэння аб'екта на гэты момант удакладняецца".

Усю ноч расіяне білі па Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці, білі з рэактыўных сістэм залпавага агню і цяжкай артылерыі, піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Людзі, папярэдне, не пацярпелі. Пашкоджаныя каля дзесяці прыватных дамоў, прадпрыемства і лініі электраперадач.

Пажар узнік у выніку абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласці / @dnipropetrovskaODA

Паводле ацэнкі ўкраінскага Генштаба, расіяне цяпер спрабуюць утрымаць часова захопленыя тэрыторыі, робяць спробы перашкодзіць прасоўванню УСУ на некаторых кірунках і атакуюць у раёнах Бахмута і Аўдзееўкі. У асобных раёнах "праціўнік вядзе перагрупоўку падраздзяленняў". За мінулыя суткі, са слоў украінскіх вайскоўцаў, раіяне нанеслі 5 ракетных і 8 авіяўдараў, а таксама больш за 65 нападаў з выкарыстаннем РСЗА.

Паводле ацэнкі экспертаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, контрнаступленне УСУ ў Харкаўскай вобласці яшчэ не дасягнула кульмінацыі пасля месяца паспяховых аперацый. У цяперашні час УСУ прасоўваюцца ў заходнюю частку Луганскай вобласці. Але ўкраінскія вайскоўцы маюць поспехі і ў баях на поўдні — каля Херсона. "Контрнаступлення Украіны, якія працягваюцца на поўначы і поўдні, верагодна, вымушаюць Крэмль надаваць прыярытэтную ўвагу абароне аднаго раёна аперацый за кошт іншага. І гэта патэнцыйна павялічвае верагоднасць поспеху Украіны ў абодвух напрамках", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным вячэрнім звароце распавёў, што толькі за 5 кастрычніка і толькі ў Херсонскай вобласці УСУ вызвалілі населеныя пункты Новаваскрэсенскае, Навагрыгор'еўка і Петрапаўлаўка. І рух наперад працягваецца. Зяленскі казаў і пра іранскія дроны-камікадзэ, якімі расіяне ў апошнія дні атакуюць тэрыторыю Украіны. Ён звярнуўся да расійскіх вайскоўцаў: "Нават калі вы яшчэ недзе ў свеце знойдзеце нейкая іншая зброя, з такой жа натуральнай для вашага "рускага свету" назвай, як гэтыя іранскія "шахіды" [...] гэта ўсё роўна вам нічым не дапаможа. Вы ўжо прайгралі. Таму што нават цяпер, на 224 дзень поўнамаштабнай вайны, вам даводзіцца тлумачыць свайму грамадству, навошта гэта ўсё трэба".

МЗС Украіны адрэагаваў на рашэнне расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна забраць Запарожскую АЭС. Напярэдадні Пуцін падпісаў указ з даручэннем прыняць у федэральную ўласнасць аб'екты Запарожскай атамнай электрастанцыі і іншую маёмасць, неабходную для ажыццяўлення яе дзейнасці. Ва ўкраінскім МЗС указ Пуціна назвалі нікчэмным і заклікалі краіны свету абмежаваць супрацоўніцтва з Масквой, а таксама ўвесці новыя санкцыі. Аб санкцыях просіць і міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка. Ён таксама  адрэагаваў на рашэнне Расіі па ЗАЭС і напісаў у МАГАТЭ, еўракамісару па пытаннях энергетыкі Кадры Сымсан і профільным міністрам дзяржаў G7. Галушчанка заклікаў  іх ўключыць у наступны пакет санкцый прадстаўнікоў расійскай атамнай прамысловасці. Акрамя таго, на думку украінскага міністра, Расія павінна быць цалкам пазбаўленая прывілеяў і правоў сяброўства ў МАГАТЭ.

І навіна з вызваленага Лімана. Тут зоаабаронцы выратавалі кантужанага мядзведзя. Яго, кінутага, знайшлі ў вальеры ў прыватным заапарку. Мядзведзь за час акупацыі выжыў, але быў "у жахлівым стане і кантужаны ад снарада, які трапіў у дом, дзе ён сядзеў", распавялі зоаабаронцы. У трох метрах ад вальера усё было разбурана. Мядзведзя ўжо адправілі на лячэнне ў Цэнтр выратавання дзікіх жывёл. Пазней, калі ён акрыяе, звер паедзе на рэабілітацыю ў Парк драпежнікаў "Ардэн" у Хмяльніцкай вобласці.

Мядзведзь выжыў падчас баёў і акупацыі ў Лімане / facebook.com/UAnimals.official

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.