Нацбанк РБ дазволіў аплату наяўнымі за некаторыя паслугі пры грузаперавозках

Вялікагрузы з ЕС не могуць уязджаць у Беларусь далей чым на 50 км / grodnonews.by

Нацыянальны банк Беларусі часова дазволіў арганізацыям і прадпрымальнікам, якія займаюцца грузаперавозкамі, прымаць аплату наяўнымі за некаторыя паслугі. У прыватнасці, расплаціцца наяўнымі можна будзе за "адсочванне транспартных сродкаў, на якія накладзеныя навігацыйныя пломбы" і "грузавыя аперацыі і (або) перачэпкі ў спецыяльна устаноўленых месцах". Пра гэта піша рэсурс afn.by.

Ёсць абмежаванне па суме — яна не павінная перавышаць 100 базавых велічынь (3200 рублёў). Новыя правілы будуць дзейнічаць часова — у пастанове Нацбанка гаворыцца, што разлічвацца за пералічаныя паслугі наяўнымі грашыма можна будзе да 31 снежня 2023 года. 

Нагадаем, што пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны, беларускім і расійскім кампаніям забаранілі перавозку грузаў па тэрыторыі Еўрасаюза. У адказ Мінск забараніў еўрапейскім перавозчыкам уязджаць у Беларусь далей чым на 50 км. Яны павінныя пакідаць тавары ў лагістычных цэнтрах, а далей імі займаюцца мясцовыя кампаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.