На судзе за надпіс "Не забудзем" суму шкоды знізілі амаль у 40 разоў

На судзе за надпіс "Не забудзем" суму шкоды знізілі амаль у 40 разоў

На судзе за надпіс "Не забудзем" на народным мемарыяле Аляксандра Тарайкоўскага "Гаррамаўтадар" істотна знізіў суму заяўленай шкоды.

Справу разглядаюць у судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Абвінавачаныя па справе — палітвязні Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка, а таксама Уладзіслаў Гуліс. 10 верасня яны абнавілі надпіс "Не забудзем" каля станцыі метро "Пушкінская". Хлопцаў вінавацяць па ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры) і ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Справу вядзе суддзя Юлія Крэпская

Пацярпелым па справе прызнаны "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама". Шкода папярэдне ацэньвалася ў 10 182 рублі 52 капейкі. Але на пачатку суда прадстаўнік "Гаррамаўтадара" заявіў, што рэальная сума шкоды склала 255 рублёў 99 капеек — у 40 разоў менш. Першапачаткова заяўленую суму шкоды ён назваў арыентоўнай, піша праваабарончы сайт "Вясна". 

Дзянісу Граханаву 42 гады, ён бармэн. Ігару Самусенку 25 гадоў, ён адміністратар велапракату. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Таксама па справе праходзіць 25-гадовы аўтамышчык Уладзіслаў Гуліс.

Усе трое прызнаюць, што зрабілі надпіс на плітцы, але не згодныя, што надпіс быў цынічным. 

Граханаў патлумачыў матывы свайго ўчынку:

"10-га чысла адбылося трагічнае забойства. Там былі тысячы кветак. Чалавек загінуў, а праваахоўныя органы ніякай справы не ўзбудзілі. Раней неаднаразова наносіліся больш сур'ёзныя надпісы, больш тоўстымі літарамі. Яны аднаўляліся ледзь не кожны дзень. Іх засыпалі саляной сумессю, зафарбоўвалі шэрай фарбай. Кветкі зачымсьці пастаянна звозілі адтуль, як быццам яны перашкаджалі камусьці. Мяне, як і многіх людзей, гэта і абурыла".

На пытанне дзяржабвінаваўца, ці лічыць, што ён сваімі дзеяннямі знішчыў тратуарную плітку і знізіў яе эстэтычную каштоўнасць, Граханаў адказаў адмоўна.

Пасля таго, як прадстаўнік "Гаррамаўтадара" знізіў памер шкоды, адвакаты падалі хадайніцтва аб змене меры стрымання абвінавачаных на меру, не звязаную з пазбаўленнем волі. Яны адзначылі, што ч. 2 арт. 218 прадугледжвае шкоду ў буйным памеры. Паводле Крымінальнага кодэксу, такім памерам лічыцца сума ад 250 да 1000 базавых велічыняў на момант злачынства. А сума ў 256 рублёў — гэта менш за 10 базавых. Такім чынам, склад злачынства па адным абвінавачанні ўвогуле адсутнічае.

А артыкул 339 не з'яўляецца цяжкім і гвалтоўным. Таму, кажуць адвакаты, няма падстваў трымаць абвінавачаных пад вартай.

Аднак супраць гэтага выступіў пракурор, і суддзя пагадзілася з ім: маўляў, абставінаў, якія б прадугледжвалі адмену або змяненне меру стрымання, не выяўлена. 

Дарэчы, паралельна ў Фрунзенскім судзе ідзе іншы прайэс за надпіс "Не забудзем". Палітвязняў Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка судзяць за спробу аднаўлення надпісу. Ім выставілі абвінавачанні па тых жа самых артыкулах — ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 КК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі