На мастака Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйку пачалі справу "за рэабілітацыю нацызму"
Нагодай стаў партрэт байца пасляваеннага антысавецкага падполля Аўгена Жыхара.
26 сакавіка пракуратура Гродна пачала крымінальную справу на кіраўніка прыватнай установы "Цэнтр гарадскога жыцця" Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб. Крымінальная справа пачатая за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Нагодай стала выстава Пушкіна, на якой экспанаваўся партрэт Аўгена Жыхара з аўтаматам на плячы. Жыхар — баец антысавецкага пасляваеннага падполля.
"Паводле матэрыялаў справы Жыхар падчас нямецкай акупацыі летам 1944 прайшоў навучанне ў спецпадраздзяленні абвера і ў снежні гэтага ж года быў закінуты нацыстамі ў Полацкую вобласць.
З 1946 года ён узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія на працягу 9 гадоў у Пастаўскім раёне здзяйснялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дыверсіі на чыгунцы", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Таксама пракурорскія работнікі падкрэсліваюць, што Алесь Пушкін на выставе "характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і апраўдваў яго дзеі".
Партрэт Жыхара выклікаў вялікі розгалас у дзяржаўнай прапагандзе. У газеце "СБ. Беларусь сегодня" яго назвалі пасобнікам фашыстаў. А кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік паабяцаў разабрацца з "Цэнтрам гарадскога жыцця".
Дарэчы, крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму раней пачалі на кіраўніцу неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс і іншых актывістаў арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.