Вы тут

На картцы -42,7 тысячы рублёў: былы міліцыянер аказаўся вінны за вучобу

vk.com / amia_by

Мінус амаль у 43 тысячы рублёў пабачыў на сваёй картцы былы міліцыянер Андрэй Голубеў. Звычайна людзі трапляюць у такія сітуацыі праз памылку банка. Але тут не той выпадак.

Хлопец адвучыўся ў Акадэміі МУС і не адпрацаваў кантракт да канца. А навучальная ўстанова раптам вырашыла спісаць з яго ўвесь доўг цалкам.

Баланс карткі Андрэя Голубева / "Інстаграм"

Вельмі хацеў дапамагаць людзям

У 2012 годзе Андрэй Голубеў паступіў у Акадэмію МУС на спецыяльнасць "Аператыўна-вышуковая дзейнасць".

— Вельмі хацеў дапамагаць людзям, — піша ён у сваім інстаграм-акаўнце.

У 2017 годзе хлопец атрымаў дыплом І выйшаў на працу. Аднак хутка зразумеў, што мары разышліся з рэальнасцю.

— Аказалася, што статыстыка важнейшая, а мае маральныя прынцыпы нікому не цікавыя, — успамінае Андрэй.

Учорашні выпускнік Акадэміі МУС напісаў рапарт аб звальненні. Ён хацеў сысці па пагадненні бакоў, але заяву "парвалі і выкінулі".

— Мне сказалі, што з міліцыі могуць звольніць толькі за правіннасць тыпу нявыхаду на працу, іншай дарогі няма.

З МУС Андрэй усё ж сышоў — хоць і ведаў, што ў такім выпадку яму трэба будзе выплаціць $19 тысяч. Па дамоўленасці з аддзелам прымусовага выканання хлопец выплачваў два гады па 60 рублёў у месяц у кошт пагашэння доўгу. Але 29 верасня раптам убачыў у праграме банка доўг амаль у 43 тысячы рублёў.

Андрэй Голубеў / "Інстаграм"

Рахунак у "рэжыме чакання"

Як расказалі Еўрарадыё ў прэс-службе Пріорбанка, нядаўна там была падобная перапіска кантакт-цэнтра з кліентам.

— З 1 студзеня ў Беларусі запрацавала цэнтралізаваная сістэма выканання грашовых абавязацельстваў (АІС ВГА), якая блакуе сродкі, калі ў трымальніка карткі ёсць запазычанасць. Гэта датычыцца ўсіх банкаў, калі гаворка ідзе пра спагнанне запазычанасцяў, — расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе Пріорбанка.

Банк паўплываць на гэты працэс ніяк не можа, паколькі з'яўляецца толькі выканаўцам. Таксама ў Пріорбанку пацвердзілі, што з кліента могуць спісвацца ўсе сродкі, якія паступаюць, калі доўг буйны.

Да АІС ВГА падключаныя ўсе банкі Беларусі

— Пры паступленні інфармацыі пра наяўнасць па рахунку кліента нявыкарыстаных грашовых абавязацельстваў банк імгненна аўтаматычна фармуе адказ пра даступную суму альбо пра яе адсутнасць з адначасовым блакаваннем патрэбнай колькасці грошай на рахунку. Калі на рахунку ў момант запыту з АІС ВГА грошай няма, рахунак будзе знаходзіцца ў "рэжыме чакання". І як толькі на ім з'явіцца нейкая сума, яна будзе заблакаваная ў межах запытаных сродкаў. Усё, што звыш іх, будзе даступна кліенту, — гаворыцца ў адказе кантакт-цэнтра Пріорбанка.

Ануляваць, змяніць або адклікаць запыт у АІС ВГА можа толькі орган, які ініцыяваў яго. У выпадку Андрэя Голубева Акадэмія МУС ініцыявала спагнанне запазычанасці ў поўным аб'ёме.

— Сістэма спрацавала падобным чынам. У банк дасылаюцца дакументы, і патрэбная сума блакуецца, — тлумачаць у Пріорбанку.

Так, будуць спісваць увесь заробак

Растэрміноўкі можна дамагацца ў судзе

Як адзначае прэс-служба Міністэрства юстыцыі, калі выканаўчае вядзенне не скончана, дапускаецца адначасовы зварот спагнання на заработную плату і іншую маёмасць даўжніка, у тым ліку з дапамогай АІС ВГА. А каб атрымаць "растэрміноўку", трэба дамаўляцца з "крэдыторам".

— Для паэтапнага выканання патрабаванняў выканаўчага дакумента даўжнік можа заключыць міравое пагадненне са спагнаннікам на ўмовах, якія задавальняюць бакі, альбо звярнуцца ў суд для атрымання ад суда адтэрміноўкі або растэрміноўкі выканання выканаўчага дакумента.

Нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, Андрэй Голубеў не шкадуе пра прынятае рашэнне.

— Ведаеце, бачачы гэты велізарны для мяне мінус на рахунку, я ўсё роўна думаю, што тады ў 2018-м паступіў правільна, таму што сумленне каштуе значна даражэй.

На наступны дзень пасля публікацыі мы атрымалі паведамленне ад Андрэя пра тое, што пытанне вырашылася паспяхова. Ён змог дамовіцца з аддзелам прымусовага выканання і вярнуўся да паэтапнай сплаты пазыкі — па 60 рублёў у месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.