Вы тут

На 13 беларускіх метэастанцыях ўночы на 9 траўня абноўленыя рэкорды холаду

Уночы на 9 траўня 2021 года было вельмі халодна / Еўрарадыё

У Брэсце і яшчэ на 12 беларускіх метэастанцыях уночы на 9 траўня абноўленыя, а яшчэ на трох — паўтораныя лакальныя тэмпературныя антырэкорды за ўвесь перыяд назіранняў. Пра гэта са спасылкай на параўнанне дадзеных з рэсурсу meteoinfo.by піша БелаПАН.

У Брэсце, напрыклад, папярэдні антырэкорд перавышаны на 1,5 градуса. Уночы на 9 траўня 2019 года тут было 2 градусы цяпла, а сёлета — усяго 0,5 градуса.

У Лельчыцах пахаладала да 1,4 градуса (+1,7 у 1999 годзе), у Жлобіне — да 0,8 (+1,2 ў 1976-м), у Стоўбцах — да 0,6 (+0,9 у 2019-м), у Акцябарскім — да 0,3 (+0,6 ў 1990-м). І гэтак далей.

А халадней за ўсё ўночы на 9 траўня 2021 года было ў Лынтупах — -2,1 градуса. Гэта паўтор антырэкорду, усталяванага ўночы на 9 траўня 2019 года, калі таксама было вельмі халодна.

Абсалютны тэмпературны антырэкорд ночы на ​​9 траўня трымаецца ў Беларусі ўжо больш за стагоддзе. Аказваецца, 9 чэрвеня 1912 года тэмпература ў Мінску апусцілася да -3,3 градуса.

Уночы на 10 траўня па ўсходзе і паўднёвым усходзе яшчэ магчымыя слабыя замаразкі. А пасля начныя тэмпературы ўсюды будуць станоўчымі. А днём паветра пачне прагравацца да нармальных вясновых +18..+20 градусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.