Вы тут

МЗС: амбасадар, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачынення да Беларусі не мае

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская ў Вільні / t.me/tsikhanouskaya

МЗС Беларусі адрэагаваў на звесткі, што амбасадарку ЗША Джулі Фішэр могуць акрэдытаваць у Вільні. 

Прызначаная амбасадарка ЗША паведаміла, што ўжо некалькі месяцаў не можа атрымаць беларускую візу, каб трапіць у Мінск. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей адказаў на гэта, што няма сэнсу выдаваць візу, калі Фішэр прыедзе. каб крытыкаваць рэжым. Пасля гэтага намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас паведаміў, што Фішэр будзе пакуль што працаваць у Вільні і можа быць часова акрэдытаваная ў гэтай краіне.

Каментуючы гэтыя звесткі, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не паступала. "А заявы розных літоўскіх асоб апошнім часам настолькі шматлікія і супярэчлівыя, што абапірацца на іх неяк несур'ёзна", — дадаў ён.

На думку прэс-сакратара, акрэдытацыя ў Вільні азначае, што Фішэр будзе амбасадарам у Літве, а не ў Беларусі. "Чыста гіпатэтычна, калі гэта акрэдытацыя амбасадара ў МЗС Літвы, то значыць у Літве будзе два амбасадары ЗША, якія будуць прадстаўляць там амерыканскія інтарэсы. Цалкам відавочна, што амбасадар, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачынення да Беларусі не можа і ніколі не будзе мець", — падкрэсліў Анатоль Глаз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.