Мы не сляпыя: у Расіі паляць ваенкаматы і пратэстуюць супраць мабілізацыі

Пікет ва Улан-Удэ / Люди Байкала

Абвяшчэнне мабілізацыі ў Расіі падштурхнула не толькі хвалю міграцыі сярод расіян, але і пратэсты. У параўнанні з беларускімі маршамі 2020 года яны невялікія, але куды больш радыкальныя. Пратэстоўцы страляюць, паляць ваенкаматы і ўступаюць у сутычкі з паліцыяй.

Еўрарадыё даведалася, як нязгодныя з Пуціным спрабуюць адстаяць сваю пазіцыю.
 

"Расія напала на Украіну"

Мацней за ўсё антымабілізацыйныя пратэсты падняліся ў Рэспубліцы Дагестан, дзе пражывае 3 млн 153 тысячы чалавек.

Самая буйная акцыя прайшла ў сталіцы — Махачкале — 25 верасня. У асноўным сярод дэманстрантаў былі жанчыны, некаторыя з дзецьмі. Усяго ў цэнтры горада сабралася некалькі сотняў чалавек. Яны крычалі "Не вайне", "Не мабілізацыі", "Нашы дзеці — не ўгнаенне".

Пратэстоўцы казалі паліцыі, што "Расія напала на Украіну. Мы не сляпыя". А паліцыя адказвала жорсткімі затрыманнямі. Людзі адбіваліся і спрабавалі выратаваць затрыманых з аўтазакаў. Аднаму з паліцэйскіх давялося нават уцякаць ад дагестанскіх жанчын. Пазней душыць пратэсты прыехала Расгвардыя.

Пратэсты ў Дагестане / Meduza

Па звестках "ОВД-Инфо", паліцыя выкарыстоўвала электрашокеры і пярцовыя балончыкі, "круцілі людзей і з асаблівай жорсткасцю адпіхвалі жанчын". Таксама стралялі ў паветра.

Да раніцы 26 верасня ў Махачкале затрыманы 101 чалавек.

У дагестанскім сяле Эндзірэй мясцовыя перакрылі трасу Хасавюрт — Махачкала. Улады не пасаромеліся мабілізаваць з вёскі каля 100 мужчын, у той час як жыве там усяго крыху больш за 8 тысяч чалавек. А блакаду дарогі разганялі стральбой у паветра.

Перакрытая траса Хасавюрт — Махачкала / Meduza

Пратэстоўцы ўсё ж разышліся пасля сустрэчы з вайсковым камісарам, паведамляюць раённыя ўлады. Кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў заявіў, што памылкі падчас мабілізацыі былі.
 

"Агаленне мужчынскага складу і без таго малалюдных раёнаў"

Пратэставалі і ў іншых рэгіёнах Расіі. У Якуцку 25 верасня сабралася каля 400 чалавек. У асноўным тут таксама выйшлі жанчыны, якія вадзілі карагоды вакол паліцэйскіх і скандавалі "Дайце нашым дзецям жыць". Прычым мясцовая адміністрацыя разлічвала, што гэта будзе мерапрыемства ў падтрымку мабілізацыі.

Жанчыны з антываеннымі плакатамі ў Якуцку / BBC

— На вялікі жаль, у Якуцку арганізавана правакацыя, да якой я асабіста дачынення не маю,напісала старшыня Саюза жаночых арганізацый Якуціі, кіраўніца апарату Грамадскай палаты РС(Я) Анжаліка Андрэева. Яна ж анансавала раніцай 25 верасня, што жанчыны збяруцца на "асуахай — бласлаўленне маці на вяртанне жывымі мужоў і сыноў". Мабыць, мэты ў іх усё ж былі іншыя.

Пацярпелы вайсковы камісар Аляксандр Елісееў у рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане.

На Зініна завялі крымінальную справу за замах на жыццё вайскоўца і за незаконнае нашэнне зброі. 


Няма ваенкамата — няма праблем?

Пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі ў Расіі паднялася новая хваля падпалаў ваенкаматаў. Вядома як мінімум пра 11 такіх выпадкаў з 21 верасня. За апошнія паўгода было каля 20 спроб падпалаў.

Толькі за выходныя 24–25 верасня былі падпалы ў Канску (Краснаярскі край), у Чарняхоўску (Калінінградская вобласць), у Рузаеўцы (Рэспубліка Мардовія). Уночы на 26 верасня быў па-сапраўднаму дзёрзкі падпал ва Урупінску (Валгаградская вобласць). Спачатку падпальшчык падагнаў машыну ўшчыльную да дзвярэй ваенкамата, а потым стаў адзін за адным кідаць кактэйлі Молатава ў ваенкамат і машыну.  

Падпал ва Урупінску / BAZA

У Кіраўску (Ленінградская вобласць) людзі таксама скрэатывілі. Раніцай 25 верасня да аконных кратаў падвесілі каністру з гаручай вадкасцю, а шланг ад каністры правялі ўнутр будынка ваенкамата. У выніку загарэўся кабінет плошчай 10 квадратных метраў.

Нязгодныя з мабілізацыяй падпальвалі таксама мясцовыя адміністрацыі. З 21 верасня вядома мінімум пра пяць такіх выпадкаў. Гарэў нават адзін офіс "Адзінай Расіі" ў Рэспубліцы Башкартастан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.