Муж кажа дзецям праўду: гісторыя мамы пяцярых дзяцей, якая пабывала на Акрэсціна

Вольга Залатар / Еўрарадыё
Вольга Залатар / Еўрарадыё

Мінчанка Вольга Залатар — мама пяцярых дзяцей, якой некалькі разоў не пашанцавала быць затрыманай. Апошні раз — 31 студзеня. Пасля гэтага затрымання яна 48 гадзін правяла ў ІЧУ на Акрэсціна.

— Першы раз мяне асудзілі за фота дваровага чаявання, на якім мяне нават не відаць. Другі раз мяне затрымалі за тое, што, на думку міліцыі, я таксама ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — расказвае Вольга. — Як шматдзетнай маці, адміністрацыйны тэрмін мне даць не могуць. А штрафы — лёгка. За студзеньскае затрыманне мяне пакаралі максімальным штрафам — 50 базавых [1450 рублёў. — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Чаму затрымалі менавіта вас?

Вольга Залатар: У мяне такое ўражанне, што гэта быў нейкі рандомны хапун. У РУУС казалі, што прыкметы [пратэстоўцаў. — Еўрарадыё] — гэта пакет з крамы "Суседзі" і медыцынская маска. Пакета "Суседзяў" шмат у каго і не было, а маску, зразумела, носяць шмат людзей, таму што гэта клопат пра здароўе.

Пачынаючы ад таго, як да мяне падышоў бландзін у трэніках і ў спартыўнай форме, і заканчваючы маім вызваленнем, усе дзеянні рэжыму можна апісаць словам "спіхатэрапія" — ад слова "спіхваць". Калі цябе затрымліваюць, то кажуць: "Праедзем з намі ў РУУС, там разбяруцца, мы не можам устанавіць вашу асобу". У РУУС кажуць: "Як? Вас проста так затрымалі? Такога не можа быць. Задавайце пытанні тым, хто вас затрымаў. Мы тут дзейнічаем згодна з той інфармацыяй, што вас затрымалі за ўдзел у масавым мерапрыемстве".

Калі задаеш пытанні пра свой статус, пра пратаколы, вызваляць цябе ці не, табе адказваюць: "Вы што, мы шараговыя супрацоўнікі, усе рашэнні прымае кіраўніцтва". Калі прыходзіць кіраўнік, то ён кажа: "Ды што я? Я маленькі начальнік, усе рашэнні прымаюцца зверху!"

Потым ты прыязджаеш на Акрэсціна. Калі там спрабуеш папрасіць матрац, коўдру, падушку, зубную пасту, табе зноў кажуць: "Усе пытанні да начальства". Начальства няма то ўранку, то ўвечары — увогуле, у любы час, калі ты спрабуеш з ім звязацца. Калі гаворыш пра Чырвоны Крыж, што яны прывозяць сродкі гігіены, то зноў адказваюць: "Не, Чырвоны Крыж даўно нічога не прывозіў". А ў Чырвоным Крыжы кажуць: "Ну як жа? Мы ж па заяўках начальства Акрэсціна прывозім дапамогу, па іх спісах, калі нам дазваляюць". Гэта кругавая парука, у якой ніхто ні за што не адказвае і ўсе рашэнні прымае нехта іншы. Ніхто ні ў чым не вінаваты. Вінаваты толькі той, хто выйшаў на вуліцу тады, калі, на іх думку, праходзіла масавае мерапрыемства.

Муж говорит детям правду: история мамы пятерых детей, побывавшей на Окрестина
Вольга Залатар / Еўрарадыё

Еўрарадыё: З чым вы сутыкнуліся на Акрэсціна?

Вольга Залатар: На шэсць ложкаў у камеры ў першую ноч нас было 16 чалавек, у другую — 14. Святло ў камеры не выключалася. Гарбату цёплую нам далі толькі адзін раз — у панядзелак раніцай. Мы цэлы дзень прасілі піць, а нам адказвалі: нічога не прывезлі, што ёсць — тое і даём. Пілі ваду з-пад крана.

У камеры ўсе адна адну падтрымлівалі. Расказвалі гісторыі, спявалі песні, рабілі зарадку. Нам некалькі разоў рабілі заўвагі пра тое, што мы вельмі гучна смяёмся. Было адчуванне ўзаемнай павагі, клопату і падтрымкі. Было жаданне дапамагчы адна адной у любую хвіліну. Таму пасля вызвалення ў мяне не было адчування зламанасці, а была ўдзячнасць за знаёмства з такімі цудоўнымі жанчынамі.

Еўрарадыё: Што ваш муж кажа дзецям, калі вас затрымліваюць?

Вольга Залатар: Праўду. Дзеці павінны ведаць праўду. Так, праўда страшная, гэта цяжка прыняць. Але дзеці — гэта будучыя дарослыя, яны павінны разумець, у якіх умовах мы жывём, з якой уладай мы цяпер маем справу. Ім трэба разумець, што за праўду могуць несправядліва караць. Яны ведаюць, што ў іх добрая мама, што мама не злачынца. Дзеянні ўлады знішчаюць яе імідж. Дзіцячую памяць не сатрэш.

У школе ніхто не лічыць мяне "змагаркай". Да маіх дзяцей таксама ставяцца абсалютна нармальна: яны ўдзельнічаюць у розных гуртках, добра вучацца. Яны вясёлыя, камунікабельныя. Дзяцей маіх ніхто ад іншых дзяцей не аддзяляе.

Муж говорит детям правду: история мамы пятерых детей, побывавшей на Окрестина
Вольга Залатар / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Муж не скардзіцца, што яму даводзіцца аднаму заставацца з пяцярымі дзецьмі?

Вольга Залатар: Ніхто не хоча, каб яго блізкі чалавек быў затрыманы. Вядома, тое, што мяне затрымліваюць, яму зусім не падабаецца: па-першае, ён перажывае за мяне, а па-другое, гэта выбівае са звыклай каляіны. Гэта ўсё непрыемна, але нашы з мужам грамадзянскія пазіцыі супадаюць. Наогул, у нашым асяроддзі няма нікога, з кім бы мы не маглі падзяліцца нашымі думкамі, пачуццямі і меркаваннямі.

Еўрарадыё: На ваш погляд, ці працягнуцца ў Беларусі пратэсты?

Вольга Залатар: Я зараз пад уражаннем ад кнігі Вацлава Гавэла "Сіла бяссільных". Калі пачынаеш жыць у праўдзе, ужо немагчыма жыць у хлусні. Так што пытанне працягваць пратэст не стаіць. Тут ці мы ўсе вяртаемся да жыцця ў хлусні, ці рухаемся да вольнага жыцця ў праўдзе. Кампраміс немагчымы. Ці магчыма ўявіць жыццё ў частковай праўдзе?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі