МУС Літвы хоча скасаваць дамовы з беларускімі калегамі

Агне Білатайце / DELFI

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прапануе скасаваць дамовы з беларускім МУС. З адпаведнай заявай на пасяджэнні Дзяржсавета абароны выступіла кіраўніца ведамства Агне Білатайце.

Гаворка ідзе пра міжнародныя і міжведамасныя пагадненні. У паведамленні МУС Літвы не ўдакладняецца, якія канкрэтна дакументы прапаноўваецца скасаваць. Дарэчы, у Літве МУС адказвае не толькі за ахову правапарадку, але і за дзяржаўную мяжу.

Білатайце спасылаецца на штучна створаны міграцыйны крызіс, які афіцыйны Мінск выкарыстоўвае як інструмент палітычнага ціску. "Паколькі Беларусь парушае прынцыпы міжнароднага права і не выконвае двухбаковыя пагадненні, яны губляюць сэнс, і мы прапануем іх скасаваць", — заяўляе чыноўніца.

Таксама яна мяркуе, што рызыка буйных інцыдэнтаў на мяжы застаецца высокай. Таму памежнікам па-ранейшаму патрабуецца падтрымка войска ды іншых дзяржструктур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.