Вы тут

"Мне здаецца, што ўсё гэта падстаўлена": знаёмыя ахарактарызавалі "тэрарыста"

Вячаслаў Маляйчук з сяброўкай. Ён апрануты ў тую ж куртку, што і пазней на следчым эксперыменце / Еўрарадыё

Вячаслаў Маляйчук, які паводле версіі беларускіх уладаў рыхтаваў два выбухі ў Мінску і ў Печах пад Барысавам, не захапляўся піратэхнікай. Нават калі ён датычны да арганізацыі тэракта — ён не стаў бы закладваць бомбу побач з дзіцячай пляцоўкай. Пра гэта Еўрарадыё расказалі яго былая жонка і сяброўка.

Абедзве яны лічаць, што Вячаслаў не мог самастойна адважыцца на такі ўчынак, што яго хтосьці да гэтага "падштурхнуў".

— Мне здаецца, што гэта ўсё падстаўлена. Я сама гэтым пытаннем задавалася тысячу разоў: навошта гэта трэба было? Я думала, што калі яго калі-небудзь у будучыні зачыняць, то за які-небудзь крадзеж, а пра такое я нават падумаць не магла, — расказвае Еўрарадыё сяброўка Малейчука. — Першы раз у яго быў крадзеж у 18 гадоў. Па-мойму, яны там нейкую машыну ўкралі і разабралі — гэта я ведаю са слоў яго маці. Другі раз, у 2015 годзе, у яго таксама быў крадзеж. Адседзеў два з паловай гады, з 2015 да 2018 года.

Будучы "тэрарыст" Вячаслаў Маляйчук і ягоная сяброўка / Еўрарадыё

Ураджэнец Піншчыны Вячаслаў Маляйчук пераехаў у Мінск, каб зарабляць грошы для сям'і. У яго малодшай дачкі ёсць дыягназ — ДЦП.

— У Пінску нічога не плацяць, а ў Мінску можна зарабіць, — тлумачыць жанчына, з якой Маляйчук быў у адносінах з 2013 да 2020 года. — Я дзяцей яго ведаю. Сын нават прыязджаў да нас, калі мы яшчэ разам жылі. Ён і з жонкай сваёй былой нармальна размаўляў, стэлефаноўваліся наконт дзяцей. Дзецям непасрэдна тэлефанаваў і ў Пінск да іх ездзіў, гэта ўсё пры мне адбывалася. Гэта значыць, не тое каб ён паехаў жыць у Мінск і забыўся пра іх.

Былая жонка перакананая, што Вячаслаў Маляйчук не мог замініраваць сметніцу побач з дзіцячай пляцоўкай.

— Гэта вось сто адсоткаў да яго не падобна. У нас дачка — інвалід. Наколькі ён яе любіць, наколькі ён дапамагаў Асацыяцыі дзяцей-інвалідаў... І вось гэтая сметніца каля дзіцячага садка для мяне было проста шок і нонсэнс.

Былая жонка Вячаслава Малейчука з дачкой / Еўрарадыё

Адразу ж пасля затрымання Маляйчук расказвае на камеру пра тое, што мэтай "тэракта" было "выражэнне грамадзянскай пазіцыі". Блізкія мужчыны звяртаюць увагу на нехарактэрныя для яго сухія пратакольныя словы і выразы: "произвести взрыв", "изделие", "транспортное средство", "остановочный пункт". А калі аператыўнік пытае яго пра мэту, Маляйчук няўпэўнена адказвае: "Ну, напэўна, дэстабілізацыі…"

На следчым эксперыменце Малейчуку зноў задаюць пытанні, і ён зноў часта адказвае казённымі фармулёўкамі.

Маляйчук на следчым эксперыменце / тэлеграм

— Па-мойму, у яго толькі базавая адукацыя. Сказаць такую адукаваную прамову? Ды гэта не ён! Ён не асабліва начытаны ці там адукаваны — такога не было. Гаворка прасцейшая ў яго па жыцці. Мяне гэта таксама збянтэжыла, калі я глядзела па тэлевізары, гэта не Маляйчук гаварыў. Я яго гаворку добра ведаю, — кажа сяброўка Вячаслава.

І дадае, што ён ніколі не захапляўся піратэхнікай: "Машыну мог адрамантаваць ды і ўсё, што звязана з тэхнікай, экскаватарамі — гэта так. Ніякай піратэхнікай ён не захапляўся. Трызненне нейкае".
 

Размаўляючы з блізкімі Малейчука, Еўрарадыё высветліла, што ён, хутчэй за ўсё, дзейнічаў не адзін. На аператыўнай здымцы "тэрарыст", расказваючы пра тое, што адбылося, часта выкарыстоўвае множны лік. Чалавека, які дапамагаў яму збіраць і закладваць нешта, падобнае да бомбаў, ён называе Яўгенам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.