Мінздароўя Беларусі: пад уплывам мату ў чалавеку адбываюцца генетычныя змены

Мінздароўя Беларусі: пад уплывам мату ў чалавеку адбываюцца генетычныя змены

Пад уплывам нецэнзурнай лаянкі адбываюцца незваротныя змены ў чалавечых генах. Артыкул пра гэта апублікаваны на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя. Аўтарка артыкула — доктар-валеолаг аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя В.Машэнская

У артыкуле адзначаецца, што нецэнзурна выказваюцца найчасцей "тыя катэгорыі насельніцтва, якім абысціся без мату не дазваляе беднасць слоўнікавага запасу ў сілу сваёй неразвітасці ці нізкага інтэлекту". 

А далей паведамляецца, што нецэнзурныя выразы... змяняюць генетычны код чалавека. Пры гэтым аўтарка спасылаецца на неназваную групу даследчыкаў з невядомай краіны і невядомага ўніверсітэта, якая праводзіла свае даследаванні ў невядомы час.

"Праведзеныя доследы на спецыяльна створаным апараце, здольным пераводзіць словы ў электрамагнітныя ваганні, прывялі да нечаканых вынікаў, якія ашаламілі саміх даследчыкаў. Пад уздзеяннем нецэнзурнай лаянкі, якая, як аказалася, валодае найбольшай разбуральнай сілай, носьбіты спадчыннай інфармацыі — гены — за долю секунды мяняліся месцамі, у выніку чаго парушалася іх структура і змяняўся уласны генетычны код чалавека, які адказвае за тэмпы старэння і тэрміны жыцця. Такі чалавек хутка старэе і памірае. Але самае жудаснае ў тым, што пры гэтым скажаюцца спадчынныя праграмы, і гэтыя змененыя гены могуць перадавацца па спадчыне, несучы тую ж разбуральную для арганізма інфармацыю нашым дзецям і іх нашчадкам, задаючы ім устаноўку на самазнішчэнне. Такая сітуацыя непазбежна прывядзе і, увогуле, ужо прыводзіць да выраджэння не толькі канкрэтнага роду, але і нацыі ў цэлым", — піша Машэнская.

Па яе словах, гэта пацвярджаюць доследы на раслінах: "Праводзіліся доследы таксама і на раслінах. Варта было вымавіць набор слоў, якія чуюць дзеці ад п'яных бацькоў, — і спадчынныя праграмы паддоследнай расліны парушаліся, яна гінула раней за належны тэрмін".

Далей доктар і ўвогуле заяўляе, што мацюкі — гэта імёны дэманаў. "Брыдкаслоўцы становяцца арэнай дзеяння дэманічных сіл, так як чорнае слова робіць чалавека ўразлівым перад нячыстай сілай. Адсюль многія беды чалавечыя. Пры гэтым пакутуюць не толькі брыдкасловы, але і акаляючыя іх людзі", — падкрэслівае аўтарка артыкула.

Варта адзначыць, што ў Вікіпедыі валеалогія названая псеўданавуковым напрамкам у медыцыне і педагогіцы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі