Вы тут

Мінюст пазбаўляе ліцэнзій адвакатаў, якія выказваюцца пра палітычныя справы

Міністэрства юстыцыі / БЕЛТА

Адвакатаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю па палітычных справах, сталі масава выклікаць на кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі.

Як перадае БелаПАН, 3 сакавіка на атэстацыю былі выкліканыя сем адвакатаў. Паспяхова прайшоў яе толькі адзін з іх. Трое — Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і Мікалай Ётка — не атэставаныя. Гэта значыць, што іх адвакацкія ліцэнзіі будуць спыненыя. Яшчэ тры адваката прайшлі атэстацыю "ўмоўна" — у іх паўгадавы выпрабавальны тэрмін, пасля якога іх лёс будзе разглядацца паўторна. 

Па звестках БелаПАН, у сакавіку на камісію выкліканыя некалькі дзясяткаў адвакатаў. На сёння ў Беларусі, як сказаў журналіста прадстаўнік адвакацкай супольнасці, каля 200 адвакатаў, якія абараняюць грамадзян па гучных справах, звязаных з правамі чалавека і палітычнымі працэсамі. Яны таксама публічна выказваюцца супраць гвалту.

Наступнае пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па атэстацыі адвакатаў прызначанае на 24 сакавіка.

Апошнім часам адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя Аляксандр Пыльчанка і Людміла Казак — яны абаранялі інтарэсы Марыі Калеснікавай. Пыльчанка таксама прадстаўляў інтарэсы Віктара Бабарыкі. Таксама Мінюст пазбавіў ліцэнзій адвакатаў Юлію Леванчук, Канстанціна Міхеля, Міхаіла Кірылюка, Максіма Конана. Цяпер спрабуюць пазбавіць ліцэнзіі Уладзіміра Сазанчука, які абараняе палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.