Вы тут

Мінск можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі па Данбасе

Перамовы прадстаўнікоў ТКГ па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе праходзілі ў "Прэзідэнт-гатэлі" / sb.by​

Украінскі бок не гатовы пасля зняцця каранціну вярнуцца да перамоваў па Данбасе ў Мінску і збіраецца шукаць іншую пляцоўку, заявіў віцэ-прэм'ер, міністр рэінтэграцыі краіны Аляксей Рэзнікаў у эфіры ўкраінскага тэлеканала ICTV.

Па яго словах, у цяперашні час Беларусь знаходзіцца пад уплывам Расіі. Таму ўкраінскі бок не будзе ўдзельнічаць у вочных сустрэчах Трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, калі нават і з'явяцца прапановы гэтыя сустрэчы аднавіць.

"Мы патлумачылі, што ўкраінская дэлегацыя не будзе накіроўваць сваіх чальцоў у Мінск для сустрэч у рэальным жыцці. Усё роўна давядзецца шукаць іншую краіну і іншы горад", — сказаў украінскі віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, у Беларусі цяпер "дамінуе пэўнае меркаванне прарасійскага напрамку і антыўкраінскага характару".

Апошнім часам сітуацыя на ўсходзе Украіны абвастрылася. З пачатку года АБСЕ фіксуе больш за дзве тысячы выпадкаў парушэння перамір'я ў месяц. Адзін з самых буйных інцыдэнтаў адбыўся 26 сакавіка — у выніку абстрэлу недалёка ад населенага пункта Шумы загінула чацвёра ўкраінскіх вайскоўцаў. Пасля гэтага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра намер правесці перамовы з кіраўніцтвам краін "нармандскай чацвёркі" (Германія, Расія, Украіна, Францыя).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.