Міністр эканомікі: палітычныя санкцыі звязаныя з перадзелам рынкаў

Міністр эканомікі: палітычныя санкцыі звязаныя з перадзелам рынкаў

Санкцыі супраць беларускіх уладаў звязаныя не з палітыкай, а з перадзелам эканамічных рынкаў. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

"Напэўна, адна з прычын, чаму ўвялі санкцыі менавіта цяпер, на наш погляд, на падставе нейкіх палітычных пытанняў, напэўна, хаваецца эканоміка. Хутчэй за ўсё, эканоміка. Калі прааналізаваць сусветны досвед ужывання санкцый, то ні адны санкцыі не дасягалі сваіх палітычных мэтаў. Але пад гэтымі санкцыямі хавалася іншае — пытанні, звязаныя з падзелам рынкаў, выштурхваннем канкурэнтаў. І гэтыя ж працэсы мы бачым сёння ў дачыненні да Беларусі", — заявіў чыноўнік.

Па яго словах, у галінах, якія трапіць пад санкцыі ЕС, можна чакаць аднамомантавага зніжэння ВУП да 3%. Выдаткі будуць звязаныя з неабходнасцю перанакіраваць таварныя патокі.

Гэтыя страты, на думку Чарвякова, можна будзе кампенсаваць імпартазамяшчэннем, працай на ўнутраным рынку і зніжэннем выдаткаў вытворчасці.

Таксама ён заявіў, што Беларусь у гэтых умовах шукае новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі: "З аднаго боку, санкцыі — гэта выклік, а з другога — гэта магчымасці для нашай эканомікі паглядзець пад зусім іншым вуглом на новыя рынкі, на новых партнёраў. І мы дастаткова актыўна працуем у гэтым кірунку. Якраз наш план, пра які цяпер шмат гавораць, накіраваны на тое, каб развіваць новыя рынкі. Гэта паварот да Азіі".

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што пакуль эканоміка паказвае рост. "За гэтыя пяць месяцаў мы прыраслі на 3,1% і фактычна перакрылі тое падзенне, якое было ў 2020 годзе", — патлумачыў ён. 

21 чэрвеня Еўрасаюз плануе абвясціць пра ўвядзенне чацвёртага пакета санкцый супраць беларускага рэжыму. Раней паведамлялася, што пад іх трапіць шэраг кампаніяў, звязаны з беларускімі алігархамі Аляксандрам Шакуціным, Аляксеем Алексіным, Мікалаем Вараб'ём.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі