Міністр аховы здароўя: у "Ладэ" было каля 90 парушэнняў па бальнічных

Міністр аховы здароўя: у "Ладэ" было каля 90 парушэнняў па бальнічных

Асноўная прэтэнзія Мінздароўя да прыватнага медцэнтра "Ладэ" датычыла выдачы бальнічных. Гэта вынікае з інтэрв'ю міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, якое ён даў дзяржаўнай газеце "СБ. Беларусь сегодня".

Чыноўнік заявіў, што ў "Ладэ" выявілі "цэлы комплекс праблем, пачынаючы ад дакументаў, заканчваючы парушэннямі санэпідрэжыму і ўмоваў захоўвання імунных біяпрэпаратаў".

Але асобна ён спыніўся на выдачы бальнічных. "Раней жа было як: чалавек з тэмпературай мог пайсці ў медцэнтр па рэкамендацыі ад лекара, але бальнічны ён усё адно атрымліваў у сваёй паліклініцы. Дзякуючы гэтай навацыі пацыентаў у прыватнікаў стала больш, і ўсе яны платныя. Атрымліваецца, што мы дапамагаем, а не нешта там Закручваем. Але калі я ўбачыў у "Ладэ" каля 90 парушэнняў па бальнічных, гэта выклікала, мякка кажучы, негатыўную рэакцыю", — расказаў Піневіч.

Міністр дадаў, што бізнесу будзе толькі лепш ад прыпынення ліцэнзіі: "Але, паводле майго досведу, прыпыненне дзеяння ліцэнзіі ідзе бізнесу толькі на карысць. Некаторыя знакамітыя кампаніі мянялі супрацоўнікаў па два-тры разы, а цяпер выказваюць падзяку".

На пачатку траўня Міністэрства аховы здароўя заявіла, што прыпыняе дзейнасць ліцэнзіі медцэнтраў "Ладэ" і "Клініка А1". "Ладэ" з 16 траўня спыніў аказанне паслуг. У Беларусі загаварылі пра перадзел рынку медыцынскіх паслуг і выцясненне прыватных медцэнтраў.

На пачатку чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што плануе развіваць у Беларусі дзяржаўную медыцыну, бо "прыватнай ужо наеўся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі