Мінгарсуд разгледзіць апеляцыю на "занадта мяккі" прысуд Кацярыне Барысевіч

Кацярына Барысевіч / БЕЛТА
Кацярына Барысевіч / БЕЛТА

Мінскі гарадскі суд сёння, 20 красавіка, разгледзіць апеляцыю на прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч. Пракуратура палічыла прысуд райсуду "занадта мяккім" і апратэставала яго.

Разгляд апеляцыі пачнецца а 14-й гадзіне, паведамляе TUT.BY. На пасяджэнне слухачоў не пусцяць, паколькі працэс быў абвешчаны закрытым. Аднак ёсць шанец патрапіць на абвяшчэнні прысуду.

2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прыгаварыў Кацярыну Барысевіч да 6 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў 100 базавых велічынь (2900 рублёў), а лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна — да 2 гадоў калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год. Іх прызналі вінаватымі ў "разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы". Журналістку і лекара пакаралі за апублікаваны артыкул, прысвечаны гібелі Рамана Бандарэнкі — жыхара Мінска, які выйшаў у двары на Плошчы Пераменаў, каб перашкодзіць невядомым зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі, і быў да смерці збіты. У артыкуле гаварылася, што пры паступленні ў бальніцу ў яго у крыві было 0 праміле. Між тым, Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі настойвалі, што Бандарэнка быў п'яны.

Праваабаронцы прызналі Барысевіч і Сарокіна палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі