Вы тут

Мінфін заплаціў па еўрабондах беларускімі рублямі

Беларусь расплацілася рублямі па еўрабондах / Еўрарадыё

Чэрвеньскія плацяжы па еўрабондах Мінфін Беларусі пералічыў у нацыянальнай валюце, паведамляе БЕЛТА.

Гаворка ідзе пра 22,9 мільёнаў долараў у эквіваленце. Тэрмін выплаты — 29 чэрвеня.

Папярэднія плацяжы рабіліся ў лютым. Тады Мінфін пералічыў суму ў доларах на карысць плацежнага агента — лонданскага Сіцібанка. Але інвестары сталі скардзіцца, што выплаты прыйшлі ў няпоўным аб'ёме або наогул не атрыманыя. Плацежны агент заявіў, што ўсё пералічана, міжнародныя клірынгавыя сістэмы не далі афіцыйнага адказу. 

Прычынай сталі міжнародныя санкцыі. "Больш за тое, такія сістэмы ўносяць змены ў свае дакументы і рэгламенты, вызваляючы сябе ад любой адказнасці з адсылкай на санкцыйныя абмежаванні. Як растлумачылі ў Мінфіне, у такой сітуацыі адпраўляць чарговыя плацяжы ў класічным рэжыме бессэнсоўна", — перадае БЕЛТА.

Таму беларускія ўлады вырашылі плаціць па еўрабондах у нацыянальнай валюце. Адпаведныя сумы ў беларускіх рублях будуць пералічаныя на рахункі, спецыяльна адчыненыя ў Беларусбанку. Доступ да гэтых грошай адкрыты для Сіцібанка, які вызначаны як плацежны агент.

Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні ўрад і Нацбанк прынялі сумесную пастанову пра аплату еўрабондаў беларускімі рублямі. У Расіі падобная мера ўжо прывяла да дэфолту па знешніх пазыках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.