Вы тут

Мінфін расказаў, чаму нельга ўключыць дарожны падатак у кошт бензіну

Праблему дарожнага падатку вырашыць не могуць ужо некалькі гадоў / pixabay​

Урад ужо некалькі гадоў думае над вырашэннем сітуацыі вакол дарожнага падатку. Цяпер ён "прывязаны" да праходжання ТА, праз што многія аўтаўладальнікі адмаўляюцца ад тэхагляду.

Адзін з найбольш часта прапанаваных варыянтаў — уключыць суму збору ў кошт бензіну. Як кажа намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, такі шлях вырашэння праблемы мае шэраг недахопаў.

— Па-першае, адбудзецца аднаразовы рост цэн на паліва. Па нашых разліках, цана павялічыцца на 10 капеек за літр. Гэта акажа інфляцыйны ціск на эканоміку. Пры гэтым павялічыцца кошт паліва і для тых, хто плаціў дарожны збор, і для тых, хто яго не плаціў. Каб выканаць прынцып справядлівасці, нам трэба будзе вярнуць сродкі тым асобам, якія ўжо ўнеслі аплату, — тлумачыць Кійко, яго цытуе "СБ".

У выніку ў бюджэце будзе створаны буйны "касавы разрыў".

— Пры гэтым варыянце мы таксама страчваем крыніцу папаўнення бюджэту, якая не аказвае інфляцыйнага ціску на эканоміку. У нас сёння сітуацыя нявызначанасці з цаной нафты. У Расійскай Федэрацыі рэалізуецца падатковы манеўр. У выніку штогод адбываецца адноснае падаражэнне нафты. Гэта ўсё выліваецца ў неабходнасць павелічэння цэн на паліва на нашым ўнутраным рынку.

Кійко дадае: калі накласці на тыя ж 10 капеек рост цэн на паліва, выкліканы падатковым манеўрам, то хутка можа быць значны дыспарытэт цэн. У выніку краіна страціць магчымасці транзіту. Адначасова з'явяцца магчымасці "шэрых схем" увозу паліва.

— Аб'ёмы рэалізацыі паліва зменшацца. І з часам гэтая крыніца перастане існаваць, а перавесці яе ў іншы выгляд будзе цяжка. І сёння нам трэба выбіраць, ці хочам мы ў 2024 годзе паліва, якое будзе каштаваць долар за літр, — заключае намеснік кіраўніка Мінфіна.

У цэлым жа Мінфін, па словах Кійко, выступае за тое, каб дарожны збор выплачваўся асобна.

"Прывязалі" дарожны падатак да ТА ў 2014 годзе. Негатыўную рэакцыю аўтаўладальнікаў гэта выклікала практычна адразу. Упершыню пра неабходнасць вырашэння пытання пачалі гаварыць яшчэ ў перадпапярэднім урадзе, за Андрэем Кабяковым. Аднак выхад з сітуацыі так і не быў знойдзены. На нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і парламенту самастойна шукаць шляхі вырашэння праблемы, пасля чаго абмеркаванне будучага дарожнага падатку актывізавалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.