Вы тут

Мінчуку пасля затрымання зламалі руку і пасадзілі ў карцар на трое сутак

Мінчуку ў ІЧУ зламалі руку, пасля чаго пасадзілі ў карцар / pixabay.com

Мінчука Іллю Басюка затрымалі 27 сакавіка каля ГЦ "Рыга" на ўваходзе ў піцэрыю. 

Са словаў Іллі, якія перадае ТГ-канал праваабаронцаў "Вясна назірае", невядомыя папрасілі яго прайсці з імі ў аўтобус. Мінчук пайшоў, а ў Партызанскім РУУС на яго склалі два пратаколы — за пікетаванне шляхам узняцця кулака ўверх і за непадпарадкаванне пры затрыманні.

Першы суд над Басюком прайшоў 30 сакавіка. Сведка-міліцыянт заявіў, што мінчук ўзнятум угару кулаком падахвочваў іншых людзей да падобных дзеянняў. Адвакатка спыталася: "Чаму вы вырашылі, што ўзнятыя ўверх рукі азначаюць нязгоду з уладай?" На гэта міліцыянт адказаў: "Заклікалі так рабіць, раней былі такія мерапрыемствы"

Суддзя адправіў справу Басюка на дапрацоўку. Дарэчы, відэа, прадастаўленае адвакаткай даказвала, што Ілля не аказваў непадпарадкавання, а ішоў з міліцыянтамі добраахвотна і ў гэты момант рука яшчэ ў яго не была не зламаная. Аднак міліцыянт заявіў: "Не рэагаваў на жэсты супрацоўнікаў — значыць, упіраўся".

Басюка праз 72 гадзіны пасля затрымання не выпусцілі, а склалі новы пратакол. Быццам бы ён "у падвале РУУСа выхапіў бланк апытання і хацеў унесці туды запісы без дазволу".

На судзе Ілля Басюк заявіў, што яго білі ў ІЧУ і зламалі яму руку. Пасля гэтага яго пасадзілі ў карцар на трое сутак. З усёй медыцынскай дапамогі яму далі толькі таблетку і бінт. У карцары са зламанай рукой мінчук правёў трое сутак без матраца і пасцельнай бялізны.

Ён паведаміў, што пачуваецца вельмі дрэнна: яго ванітуе, кружыцца галава і баліць зламаная рука. 

Тым не менш суддзя Міхаіл Макарэвіч прысудзіў Іллю па апошнім пратаколе 10-сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.