Вы тут

Мінчукі хацелі падпісаць зварот да дэпутаткі, а атрымалі штрафы і суткі

Суд Фрунзенскага раёна Мінска / TUT.by

25 лютага ў адкрытых дваровых чатах з'явілася інфармацыя пра збор подпісаў пад зваротам да дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Старавойтавай на вуліцы Нёманскай, 42, піша ТГ-канал "Вясна назірае". 

Хлопец, які быў на прыёме ў дэпутаткі, паведаміў, што яна сама прапанавала сабраць подпісы. Зварот закранаў наступныя пытанні:

1. Адкрыццё межаў краіны на выезд;

2. Прадастаўленне аб'ектыўнай статыстыкі па COVID-19;

3. Выкарыстанне мазуту на ЦЭЦ, з-за якога пах гару ў Каменнай Горцы перашкаджае мясцовым жыхарам;

4. Наяўнасць "Табакерак" у раёне;

5. Добраўладкаванне раёна.

Паставіць подпісы прыйшлі каля 10 чалавек. Іх усіх затрымалі. У Фрунзенскім РУУС на людзей склалі пратаколы паводле вядомага артыкула 23.34 КаАП, а потым завезлі ўсіх у ІЧУ на Акрэсціна. Суды над затрыманымі прайшлі 26 лютага.

Алену Лабовіч, інваліда першай групы, аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых велічыняў). Такі ж штраф павінна заплаціць маці дваіх дзяцей 39-гадовая Алена Шумейка.

Таццяна і Віталь Зайцавы, Сяргей Барнюк, Дар'я Шабан, Валерый Халадзінскі і Марыя Баран асуджаныя на 15 сутак кожны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.