Вы тут

Мінчук атрымаў тры гады "хатняй хіміі" за тое, што схапіўся за дубінку амапаўца

Амапаўцы з дубінкамі на мінскай вуліцы / Еўрарадыё

Суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў 55-гадовага Анатоля Пятроўскага вінаватым у гвалеце супраць міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Наталля Бугук прысудзіла яму тры гады "хатняй хіміі", паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Здарэнне адбылося 4 кастрычніка 2020 года падчас акцыі пратэсту на праспекце Пераможцаў. Паводле абвінавачвання, Пятроўскі з помсты схапіў гумовую дубінку амапаўца Зюкіна і тузануў на сябе, тым самым прычыніўшы яму фізічны боль.

Пятроўскі на судзе прызнаў сваю віну, але заявіў, што пачуцця помсты не было, бо пацярпелага амапаўца ён раней не ведаў.

Мінчук расказаў, што ў той дзень ішоў у кінатэатр "Масква", але на праспекце ўбачыў счэпку пратэстоўцаў. Ён падышоў бліжэй і пабачыў, як амапавец замахнуўся на дзяўчыну. Ён падумаў, што міліцыянт хоча стукнуць яе па галаве дубінкай, і схапіўся за яе за спінай амапаўца. Потым яго затрымалі і адвялі ў аўтазак.

Пацярпелы амапавец Зюкін адмаўляў, што ён замахваўся на дзяўчыну. Ён сказаў, што ў той дзень супрацоўнікі АМАПа затрымлівалі пратэстоўцаў, якія нібыта кідалі ў іх бутэлькі і распылілі ў бок міліцыянтаў газ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.