Вы тут

Мікада, Ціханоўская і іншыя: што робяць беларусы ў Clubhouse

Clubhouse / Еўрарадыё​

У сацыяльных сетках абмяркоўваюць сустрэчу Святланы Ціханоўскай у Clubhouse. Палітык цэлую гадзіну размаўляла на тэму "Беларусь пасля Лукашэнкі", дзе абмяркоўвала эканоміку, пратэсты і Беларусь будучыні. Карыстальнікі дзеляцца спасылкамі, запісамі і скрыншотамі з праграмы. Дык што такое гэты ваш Сlubhouse? Расказваем!

Clubhouse — самая хуткарослая сацыяльная сетка ў свеце. У ёй людзі размаўляюць голасам у пакоях, прычым адны карыстальнікі выступаюць спікерамі, другія — выключна слухачамі. Clubhouse з'явіўся ў сакавіку 2020 года з лёгкай рукі былых супрацоўнікаў Google Пола Дэвісана і Рогана Сэта. Яны разаслалі некалькі інвайтаў сваім сябрам, тыя сваім, і вось у апошнія тыдні адбываецца сапраўдны бум Clubhouse.

Буму паспрыяў твіт Ілана Маска з анонсам яго прыходу на платформу — у ток-шоу The Good Time (ладзіць сама сацсетка), у якім паабяцаў расказаць пра місію на Марс. Пасля гэтага за пару дзён колькасць карыстальнікаў вырасла прыкладна на мільён.

Ілан Маск, дарэчы, 13 лютага паклікаў у Clubhouse на сустрэчу Уладзіміра Пуціна, адзначыўшы, што для яго "было б вялікім гонарам пагаварыць з расійскім прэзідэнтам". Прэс-служба расійскага кіраўніка адказала, што не выключае такой магчымасці, але "трэба вывучыць прапанову".

Ужо пасля Ілана Маска, праз час, у праграму сталі ўлятаць і іншыя фэймас-распрацоўшчыкі з Крамянёвай даліны, папулярныя дыджэі і інфлюэнсеры. У СНД-прастору Clubhouse зайшлі папулярныя блогеры, журналісты, медыяменеджары, піяршчыкі, комікі, бізнесмены, прадстаўнікі найбуйнейшых кампаній накшталт "Яндэкса", Mail.ru Group. А расійскі тэлеканал ТНТ проста пачаў трансляваць у "пакой" свой тэлевізійны эфір.

Як гэта наогул працуе

Пакоі ў Clubhouse бываюць адкрытыя, даступныя толькі для падпісчыкаў, прыватныя ці толькі для сябраў "клуба". У праграме зроблена ўсё максімальна проста і нязмушана: ты "бясшумна" заходзіш у пакой і пачынаеш слухаць абмеркаванне. Пакінуць пакой можна таксама "бясшумна" ў любы момант: для гэтага прызначана кнопка "выйсці ціха". Гэта не створыць ніякіх апавяшчэнняў і паведамленняў.

Размаўляць у Clubhouse можна толькі голасам, там няма ніякіх апавяшчэнняў, асабістых паведамленняў. З сацыяльнага толькі функцыя фолавінгу — магчымасць сачыць за спікерамі, запрашаць фолавераў у пакоі і атрымліваць апавяшчэнні, калі яны ствараюць нейкі пакой. У праграме ёсць нейкае падабенства календара — у ім плануюцца будучыя мерапрыемствы.

Пры рэгістрацыі ў Clubhouse трэба пазначыць рэальныя імя і прозвішча, выбраць пул тэм, якія цікавяць. На стартавым экране карыстальнікі бачаць пакоі, за якімі сочаць іх сябры ці дзе яны выступаюць спікерамі, а таксама клубы, сфармаваныя на аснове інтарэсаў. У пакой можна зайсці ў любы момант, пакуль у ім працягваецца размова. Калі пакой пакідаюць усе ўдзельнікі, ён аўтаматычна зачыняецца.

Пры стварэнні новага публічнага пакоя праграма рассылае падпісчыкам карыстальніка пуш-апавяшчэнні. Іх, вядома, можна адключыць. Калі ў размове ўдзельнічаюць некалькі чалавек — апавяшчэнні прыйдуць усім падпісчыкам усіх удзельнікаў, потым падключаным падпісчыкам іх падпісчыкаў і гэтак далей. Такім чынам нават невялікі пакой на пяцярых можа за некалькі хвілін разрасціся да некалькіх дзясяткаў, сотняў або тысяч удзельнікаў у залежнасці ад медыйнасці спікераў.

Адзінае абмежаванне пакояў — колькасць удзельнікаў да пяці тысяч чалавек. Падчас зносін слухач можа "падняць руку", а мадэратар можа зрабіць яго спікерам.

Знайсці новыя пакоі можна некалькімі спосабамі: праз пошук або праз функцыю explore. У пошуку можна знаходзіць і людзей, на якіх можна падпісацца, — Clubhouse скануе спіс кантактаў, так што часцяком перш за ўсё рэкамендуе знаёмых і сяброў, якія ўжо ёсць у сэрвісе.

Чаму Clubhouse стаў папулярны

Цяперашні поспех Clubhouse шмат у чым звязаны не з нейкімі адчувальнымі перавагамі, а з унікальнай "атмасферай", якая пакуль трымаецца ўнутры сэрвісу. Збольшага яе забяспечылі досвед і сувязі заснавальнікаў у асяроддзі венчурных інвестараў: платформа прыцягнула магутных лідараў меркаванняў, якія падсілкоўваюць цікавасць да сэрвісу.

Другая прычына — "закрытасць" Clubhouse. Гэта пакуль такі элітарны клуб. Карыстальнікі настолькі хочуць далучыцца да недаступнага сэрвісу, што пачалі нават купляць запрашэнні (хоць трапіць у праграму можна без запрашэнняў наогул). Часам цэннік за "інвайт" на інтэрнэт-аўкцыёнах даходзіць да 300 долараў.

Што ў Беларуси?

У Беларусь праграма толькі-толькі прыйшла і не так моцна набірае абароты, як у той жа Расіі. Але можна назіраць, як ініцыятыўныя беларусы спрабуюць стварыць вакол праграмы супольнасці. Самыя прыкметныя гэта The XATA Club, BelarusXata.

The XATA Club аб'ядноўвае клабхаўзераў з Беларусі, кожны дзень стварае канферэнцыі з удзелам фэймас-інфлюэнсераў або праводзіць азнаямленчыя сустрэчы для пачаткоўцаў. 14 лютага яны правялі сустрэчу "Хто такі Кокабай і навошта ён патрэбны?". 15 лютага адбылася сустрэча з Мікітам Мікада пра бізнес, айці і планы.

BelarusXata — аб'яднанне беларусаў з усяго свету па розных тэматыках, ад IT-бізнесу да вывучэння беларускай мовы. Лідар кам'юніці — Віталь Самсонаў, беларус, які жыве ў Філадэльфіі і развівае свой стартап у medtech-сферы.

Адным з папулярных карыстальнікаў у Clubhouse стаў Антон Кулічкін, Angel investor у AngelsBand. Пакуль у яго больш за ўсё падпісчыкаў з беларускіх клабхаўзераў — больш за дзве тысячы.

— Clubhouse ужо узляцеў і яшчэ будзе расці і ляцець. У ім вельмі крутыя механікі, вельмі круты досвед узаемадзеяння — асаблівы і ўнікальны. Тэхналагічна тут нічога складанага, усё пабудавана на наяўных механіках. Але гэтыя механікі працуюць, і можна сказаць, што Clubhouse ляціць і гэта толькі першая ступень ракеты, — кажа Антон. — Я думаю, што хутка мы ўбачым манетызацыю Clubhouse для тых, хто стварае кантэнт: радыёвядучых, спікераў, усіх, у каго пастаўлены голас, хто ўмее працаваць з голасам.

На думку Антона, Clubhouse у Беларусі трохі нуднейшы за расійскі: "Цяпер ёсць некалькі груп, якія не аформленыя ў асобны "дом", пакуль яшчэ ўсё вельмі несістэматызаванае. Усе нашы хлопцы і дзяўчаты класныя, я з задавальненнем удзельнічаю ва ўсіх пакоях як удзельнік, слухач. Але ў Расіі больш цяпер селебрыці, журналістаў, палітыкаў, эканамістаў, навукоўцаў".

Беларускія палітыкі таксама спрабуюць асвоіць Clubhouse. Напрыклад, 18 лютага можна паслухаць беларускіх блогераў. У 20:00 Леанід Пашкоўскі раскажа пра падарожжы і адкажа на пытанні па спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.