Вы тут

Metaratings.ru: усе зборныя акрамя Расіі адмаўляюцца ехаць на ЧС-2021 ў Беларусь

Сімволіка чэмпіянату свету 2021 года 

Усе зборныя, якія павінныя ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па хакеі 2021 года, адмаўляюцца ехаць у Беларусь, піша Metaratings.ru. Выключэнне склала толькі нацыянальная каманда Расіі. 

Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе (ІІХФ) можа пад ціскам нацыянальных федэрацый перанесці турнір з Беларусі. Пры гэтым Латвія, якая з'яўляецца другой краінай-гаспадыняй чэмпіянату, хутчэй за ўсё застанецца прымаючым бокам. Але яна наўрад ці здолее правесці турнір адна.

Чэмпіянат свету па хакеі-2021 прызначаны на перыяд з 7 па 23 траўня ў Мінску (Беларусь) і Рызе (Латвія).

Апошнія месяцы вакол правядзення чэмпіянату ў Беларусі віруюць жарсці. Многія патрабуюць перанесці чэмпіянат у іншую краіну, спасылаючыся на жорсткасць, з якой улады распраўляюцца з мірнымі дэманстрантамі. У ІІХФ заяўлялі, што з палітычных прычынаў пераносіць чэмпіянат не будуць, але могуць звярнуць увагу на гарантыі бяспекі спартоўцаў. 

На пасяджэнні 18 лістапада ІІХФ не прыняла рашэнне наконт правядзення хакейнага чэмпіянату ў Беларусі і адклала яго да паўторнага разгляду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.