Вы тут

Масква і Ерэван не дамовіліся пра цану на газ з-за беларускага генсакратара АДКБ

Фота: Reuters

Перамовы Пуціна і Пашыняна пра кошт газу для Арменіі, якія прайшлі 27 снежня ў Маскве, завяршыліся безвынікова, піша "Каўказскі вузел".

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася далейшая стратэгія армяна-расійскіх адносін. Па словах Пашыняна, далейшае абмеркаванне газавага пытання працягнецца ў рабочым парадку. Пашынян адзначыў, што настроены аптымістычна.

"Спадзяюся, што для нас будуць жаданыя вынікі ці, па меншай меры, не будзе непажаданага развіцця", — падкрэсліў Пашынян.

Выконваючы абавязкі прэм'ера дадаў, што на сустрэчы з расійскім прэзідэнтам не была закранутая тэма карабахскага ўрэгулявання, а пытанне прызначэння генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) было абмеркавана коратка.

На думку палітолагаў, затрымка з прыняццем рашэння паміж Расіяй і Арменіяй па цане на газ звязаная з тым, што Масква дамагаецца саступак ад Ерэвана ў пытаннях прызначэння генеральнага сакратара АДКБ, а таксама хоча атрымаць пэўныя гарантыі, што Арменія не будзе галасаваць за рэзалюцыі супраць Расіі на міжнародных пляцоўках. Юрый Хачатураў, які раней займаў пасаду генсакратара АДКБ, у ліпені быў абвінавачаны па справе аб разгоне мітынгоўцаў у Ерэване ў 2008 годзе, а 2 лістапада датэрмінова адкліканы з гэтай пасады.

"Наша пазіцыя заключаецца ў неабходнасці інстытуцыйных рашэнняў, унясення паправак у статут арганізацыі, каб пазбегнуць падобнай сітуацыі і спрэчак у будучыні", — сказаў Пашынян.

З лістапада выконваючым абавязкі генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы стаў прадстаўнік Расіі Валерый Семерыкоў, але Нікол Пашынян палічыў, што пасля Хачатурава гэты пост яшчэ паўтара года павінна займаць менавіта Арменія. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, паколькі пасля Арменіі ўзначальваць АДКБ павінна Беларусь, то генсекам стане кіраўнік беларускага Савета бяспекі Станіслаў Зась. Па прапанове Лукашэнкі, Зась павінен прайсці асабістае сумоўе з кіраўнікамі краін АДКБ.

Аляксандр Лукашэнка і Станіслаў Зась. Фота: president.gov.by

Большасць краін кандыдатуру Зася ўхвалілі. Аднак у Ерэван ён так і не злятаў: улады Арменіі занепакоеныя тым, што Беларусь, з'яўляючыся ваенна-палітычным партнёрам Арменіі ў межах АДКБ, прадае зброю Азербайджану.

"Мы з павагай ставімся да інтарэсаў Беларусі і спадзяемся, што Беларусь з павагай ставіцца да інтарэсаў Арменіі. На жаль, для нас такая дзейнасць (продаж Беларуссю зброі Азербайджану. — Еўрарадыё) непрымальная, і я хачу пра гэта сказаць прама", — заявіў Пашынян у інтэрв'ю Еўрарадыё.

Нагадаем, пра тое, што Беларусь прадала Азербайджану сістэмы залпавага агню "Паланэз", стала вядома ў чэрвені 2018 года, калі прэзідэнт Ільхам Аліеў узяў удзел у адкрыцці вайсковай часці ракетных войскаў Азербайджана. На фота з мерапрыемства трапілі і беларускія "Паланэзы". У той жа дзень намеснік міністра замежных спраў Арменіі Рубэн Рубінян заявіў: "Шкада, што Беларусь, дружалюбная нам краіна, прадае ўзбраенне краіне, якая мае з намі канфлікт".