Вы тут

Масква хоча раздаваць расійскія пашпарты грамадзянам Беларусі і Украіны

Дзяржаўная Дума Расіі​ / Reuters

Грамадзяне Беларусі і Украіны пры жаданні змогуць атрымаць расійскія пашпарты. Адмаўляцца ад беларускага і ўкраінскага грамадзянства пры гэтым будзе не абавязкова. Гэтая норма ўтрымліваецца ў законе аб рэпатрыяцыі, які сёння будзе ўнесены на разгляд Дзяржаўнай думы Расіі, паведамляе РІА Новости.

Законапраект накіраваны на вяртанне суайчыннікаў у Расію. Адзін з аўтараў дакумента — першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін — распавёў, што суайчыннікамі прапануецца ўспрымаць людзей, якія самі або чые продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі, а таксама ўкраінцаў і беларусаў. Прычым у выпадку з украінцамі і беларусамі перадгісторыі пражывання ў Расіі не трэба.

"Калі яны хочуць і самаіндэтыфікуюць сябе як расійскія суайчыннікі, то мы не павінны ў гэтым выпадку іх не прызнаваць", — сказаў Затулін.

Ён лічыць, што прапанаваны алгарытм можа прыцягнуць у краіну "мільёны суайчыннікаў, перш за ўсё з Украіны".

Разглядаць гэты законапраект, па словах Затуліна, будзе хутчэй за ўсё ўжо новы склад Дзярждумы. Нагадаем, выбары дэпутатаў у Расіі пройдуць восенню — у адзіны дзень галасавання 19 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.