Вы тут

Марш Адзінства ў Мінску і іншых гарадах — анлайн

Праспект Пераможцаў у Мінску 6 верасня 2020 года падачас Маршу Адзінства / Еўрарадыё

У нядзелю 6 верасня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі праходзіць маштабны Марш Адзінства. У сталіцы сілавікі пачалі рыхтавацца да яго ад раніцы, сцягваючы ў цэнтр спецтэхніку, загароды, калючы дрот і аўтобусы з АМАПаўцамі і перакрываючы як аўтамабільны, так і пешаходных рух на цэнтральных вуліцах. 

Так, плошча Незалежнасці — папулярнае ў пратэстоўцаў месца збору — ачэплена з усіх бакоў. Не працуе ГЦ "Сталіца" і падземныя пераходы, якія вядуць на плошчу. На Кастрычніцкай плошчы сілавікі разгарнулі калючы дрот. Зачыненыя на ўваход станцыі метро "Плошча Перамогі", "Кастрычніцкая", "Плошча Леніна", "Плошча Якуба Коласа", "Купалаўская". Цягнікі ідуць без прыпынку.

Ад 12:00 пачалі з'яўляцца паведамленні пра затрыманні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі ў розных кутках горада.

14:00

Калоны пратэстоўцаў з плакатамі і сцягамі ідуць у цэнтр, нягледзячы ні на што. Ад Медуніверсітэту ў цэнтр нядаўна прыйшло больш за 3 тысячы чалавек. Гэта студэнты БДМУ, лекары і жыхары Паўднёвага захаду. 

Праўда, многія калоны вымушаны разбягацца па дарозе — іх разганяюць амапаўцы альбо людзі ў цывільным. Падобнае адбываецца і ў іншых гарадах Беларусі, дзе людзі спрабуюць сабрацца на Марш. Вось як выглядае ў гэтыя хвіліны адана з вуліц Гродна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

14:25

У Мінску закрылі ГУМ, і да яго пад'ехалі вадамёты. Кастрычніцкая плошча "абароненая" калючым дротам. Карэспандэнты Еўрарадыё паведамляюць, што пратэстоўцы з розных куткоў горада сцякаюцца на Нямігу, вуліцу Леніна, ідуць ад Плошчы Перамогі і рушаць у бок ГУМа. Тут ужо шмат людзей.

А вось плошча Незалежнасці падаецца ну надта сумнай. Паглядзіце, як выглядае незалежнасць у разуменні цяперашніх уладаў.

А гэта — незалежнасць здаровага чалавека.

14:50

У Мінску пачаліся праблемы з мабільным інтэрнэтам.

"Як толькі ўехалі ў горад з боку Лагойска, інтэрнэт адразу прапаў", — тэлефануюць у рэдакцыю Еўрарадыё слухачы. Паведамляюць, што ў цэнтры "лёг" МТС — і мабільная сувязь, і інтэрнэт.

Перад ГУМам — характэрны для апошніх нядзель кардон сілавікоў — з "Рубяжоў" і вадамётаў. Людзі разумеюць, што праз яго не прайсці і рушаць у бок Стэлы.

 

Маштабныя Маршы Адзінства праходзяць таксама ў Брэсце і Гомелі. У Брэсце пратэстоўцаў пастаянна спрабуюць разагнаць сілавікі. Паведамляецца аб жорсткіх затрыманнях. У Гомелі калона дайшла да плошчы Леніна. Там улады зладзілі кірмаш.

15:15

Калона пратэстоўцаў дайшла да Стэлы. Карэспандэнты Еўрарадыё паведамляюць, што вайскоўцаў у гэтым раёне менш, чым у мінулыя выхадныя. Магчыма, усе яны традыцыйна ахоўваюць Палац Незалежнасці?

Тым часам аператар А1 шчыра заявіў, што знізіў прапускную здольнасць мабільнага інтэрнэту, як і раней "па загадзе ўпанаўважанных дзяржаўных органаў".

15:35

Мінчукі дайшлі да Палаца Незалежнасці і падышлі да грознай аблогі. Яны крычаць "Трыбунал", "Колькі вам плацяць?", "Ты жывеш на нашы падаткі". Карэспандэнты адзначаюць, што марш сабраў каля 200 тысяч чалавек.

У той жа час АМАП вярнуўся на плошчу ў Гродне, а ў Брэсце — у жорсткі "хапун".

16:00

"Радыё Свабода" перадае, што ля кардону сілавікоў ля Палацу Незалежанасці людзі ладзяць пікнік — сядаюць на траву, дастаюць з заплечнікаў ежу і гарачую гарбату і робяць супольны перакус. Кардон выкарыстоўваюць не інакш, як фотазону для сэлфі. Валанцёры прывезлі на раён біяпрыбіральні, ежу, ваду і пакеты для смецця. 

Да пратэстоўцаў у калоне далучылася Марыя Калеснікава. Усміхаецца і паказвае сардэчкі, як звычайна. 

Ля Стэлы ўлады ўключылі радыё, па якім на ўвесь раён распавядаюць, што бел-чырвона-белы сцяг — фашыстскі.

Інтэрнет настолькі слабы, што з месца падзей доўга няма вестак ад карэспандэнтаў. Але вось толькі што стала вядомым, што вадамёты зноў з'ехалі ў бок плошчы Незалежнасці.

Непераможная сцяганосца Ніна Багінская засталася ля ГУМа адзін на адзін з сілавікамі.

16:05

Праспект пераможцаў цяпер выглядае вось так! Прыгажосць, праўда?

Віцебск таксама выйшаў на Марш Еднасці. Пратэстоўцы нават прарвалі кардон сілавікоў.

Тым часам праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе, што 6 верасня толькі ў Мінску затрымана 70 чалавек.  Сярод затрыманых — кіраўніца ГА "Экадом" Ірына Сухій, сябра Каардынацыйнай рады Вольга Паўлава, журналіст Беларускага Радыё Рацыя" Арцём Сізінцаў. Цалкам спіс тут.

16:30

У Мінску пачаўся дождж. Многія людзі разыходзяцца па хатах, перадаюць карэспандэнты Еўрарадыё. Іншыя працягваюць ісці да Палаца Незалежнасці. Атмасфера ля Стэлы цяпер вось такая.

17:00

У Мінску — 82 затрыманых падчас мірнай акцыі пратэсту. Праваабаронца Раман Кісляк паведамляе аб 30 затрыманых у Брэсце.

У Гродне сілавікі ўжылі супраць дэманстрантаў слезацечны газ — пры затрыманні і мужчын, і жанчын.

Ля Палацу Незалежнасці скончыўся дождж. Людзі працягваюць тусавацца. Глядзіце, які з Мінска атрымліваецца Берлін!

18:00

У Мінску каля Палаца Незалежнасці сілавікі пусцілі слезацечны газ у натоўп пратэстуючых. "Радыё Свабода" паведамляе, што гэта здарылася пасля таго, як нехта з пратэстоўцаў распісаў машыну сістэмы "Рубеж" антылукашэнкаўскімі лозунгамі.

TUT.by дадае што пасля інцыдэнту людзі адышлі ад кардону, але пазней вярнуліся, скандуючы "Фашысты!". Цяпер там знаходзіцца некалькі соцень чалавек. Партал паведамляе, што каля самога ачаплення хтосьці перыядычна распыляе газ, ад якога рэжуць вочы і горла. Але людзі не сыходзяць. Вось тыя самыя роспісы, пасля якіх сілавікі выкарысталі такі непрыемны метад помсты.

Тым часам у доме кіраўніцы "Экадому" Ірыны Сухій, затрыманай сёння, ідзе ператрус. А праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе, што ў спісе затрыманых на гэты момант мінчан больш за 100 чалавек.

Выхады з вуліцы Леніна на праспект Незалежнасці перакрылі "зялёныя чалавечкі" і спецтэхніка, у дварах у цэнтры горада людзі ў цывільным хапаюць пратэстуючых, якія самотна вяртаюцца дадому. Часам іх атрымоўваецца "адбіваць".

Каля Палаца Незалежнасці заўважаная прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Некалькі сотняў людзей, якія засталіся ля будынка, разганяюць людзі ў чорным. У Камсамольскага возера стаяць аўтазакі. Пачаліся масавыя затрыманні.

Людзі вяртаюцца да Стэлы, скандуючы "Мы яшчэ вернемся".

18:50

У Мінску працягваюцца масавыя затрыманні пратэстоўцаў, якія вяртаюцца з Маршу Адзінства дадому. Журналісты паведамляюць, што людзей хапаюць на ўсіх вуліцах, прылеглых да цэнтру. Таксама затрыманні адбываюцца на Грушаўцы. Затрымліваюць таксама жанчын.

"Па стане на дадзены момант па ўсёй Беларусі ўжо сотні затрыманых. То бок, гэта не адна і не дзве сотні. Каго адпусцяць, а хто застанецца ў якасці затрыманых да суда, інфармацыя будзе толькі заўтра раніцай", — паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

Падобна на тое, што сілавікі вырашылі ізноў масава затрымліваць пратэстоўцаў, чаго не было, мабыць, з 13 жніўня. У ведамстве таксама заяўляюць, што ім невядома пра выкарыстанне міліцыяй слёзаточнага газу супраць удзельнікаў акцый пратэсту. 

Дарэчы, людзей у штацкім сёння "прыадзелі": на спартовыя касцюмы яны начапілі "бронікі" і ўпрыгожылі сябе балаклавамі і дубінкамі.

19:05

Невядомыя ў масках разбілі шкляныя дзверы ў кавярні і выцягнулі некалькіх чалавек, якія забеглі ў памяшканне, каб схавацца.

Адкрыты ўсе станцыі метро. Знята ачапленне ля Палацу Незалежнасці. Калона спецтэхнікі пад прыкрыццём БРДМ накіравалася ў бок МКАД.

Тым часам СМІ паведамляюць, што сілавікі пры затрыманні ўжываюць дубінкі. Аднаго хлопца з аўтазака павезла з мігалкамі хуткая.

У МУС заявілі, што знайшлі ў багажніку адной з машын у Мінску "недзяржаўную атрыбутыку, некалькі нажоў розных відаў, сякеру, налепкі з надпісам "Страйк", "Мы патрабуем перамоваў з народам". А яшчэ там дамкрат, набор ключоў і амывайка. Прэс-служба МУС сцвярджае, што пабачыўшы міліцыянтаў, кіроўца машыны збег ў невядомым кірунку.

19:40 

Спецтэхніка пакідае горад. ДАІ адкрыла рух па праспекце Пераможцаў. Марш Адзінства скончаны.