"Мала, але больш, чым нуль": Беларусь нарошчвае экспарт, месцамі і ў ЕС

Крама "Белорусские продукты" / Яндэкс Мапы
Крама "Белорусские продукты" / Яндэкс Мапы

Беларуская нафтаперапрацоўка адыходзіць ад удараў санкцый, а Еўропа стала нарошчваць закупкі з Беларусі па несанкцыйных пазіцыях.

Чым Беларусь працягвае гандляваць з ЕС, нягледзячы на агрэсіўную рыторыку Лукашэнкі, і чаму расце беларускі экспарт, расказала акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова на прэзентацыі справаздачы "Беларускі трэкер перамен".

 

Санкцыі працуюць, але ёсць нюанс

Пасля таго як 4 чэрвеня гандлёвыя санкцыі ЕС супраць Беларусі набылі поўную моц, экспарт рэзка прасеў. З $451 млн у траўні да $244 млн у чэрвені 2022 года.

— З пачатку вайны многія пазіцыі, асабліва падсанкцыйныя, пачынаюць падаць. І ў чэрвені таксама, калі санкцыі [шосты пакет. — Еўрарадыё] набылі поўную моц, напрыклад, ярка гэта відаць на прыкладзе дрэва альбо на прыкладзе металаў. У цэлым, калі мы параўнаем экспарт у Еўрасаюз у чэрвені з экспартам у студзені, то мы ўбачым, што там падзенне будзе больш за пяцьдзясят адсоткаў. Гэта значыць, санкцыі працуюць, — кажа Кацярына Барнукова.

“Мало, но больше, чем ноль”: Беларусь наращивает экспорт, местами и в ЕС
Экспарт з Беларусі ў ЕС па групах тавараў (100 — сярэдні ўзровень экспарту за першае паўгоддзе 2021 года) / BEROC

— Іншы момант, што ўсё ж мы бачым рост экспарту ў іншых таварных пазіцыях, якія не падсанкцыйныя. Напрыклад, гэта прадукты харчавання і электратавары. І мы чуем з вуснаў урада і Лукашэнкі, што не трэба закрываць вочы на еўрапейскія рынкі, нягледзячы на варожую палітыку, трэба працягваць гандляваць.

Па звестках Еўрастата, кожны месяц Беларусь экспартуе ў ЕС прадукты харчавання на 40–50 млн еўра. А рост экспарту электраабсталявання склаў 26% у чэрвені ў параўнанні са студзенем 2022 года. Электронікі — 33%. Хоць прыносяць яны не так шмат грошай. За абедзве пазіцыі Беларусь атрымлівае 40–50 млн еўра ў месяц.
 

Нафтаперапрацоўка раптам адчула сябе лепш

Улады хаваюць статыстыку, але, мяркуючы па ўскосных прыкметах, экспартныя плыні санкцыйных тавараў усё-ткі прасочваюцца, адзначае Кацярына Барнукова.

— Напрыклад, па звестках аб фінансавым становішчы ў нафтаперапрацоўцы і аб сярэдніх заробках відаць, што дзесьці пачынаючы з лета сітуацыя на нашых нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах пачала паляпшацца. Куды ідуць нафтапрадукты, на жаль, я адказаць не магу, таму што, паводле звестак ЕС, з Беларусі нафтапрадуктаў Еўропа не купляе. Але відавочна, што калі б гэта і адбывалася, то яны б прадаваліся пад маркай нейкай іншай краіны.

Цалкам магчыма, што атрымаецца экспартаваць і калій.

— Ужо ёсць дамоўленасці з Расіяй, якія дазволяць ажыццяўляць транзіт беларускага калію, і, хутчэй за ўсё, атрымаецца сёлета тры-чатыры мільёны тон калію пераправіць праз расійскія парты і Расійскую чыгунку. Гэта ад чвэрці да траціны звыклага аб'ёму. Гэта ўсё яшчэ вельмі мала, але гэта значна больш, чым нуль, — працягвае Кацярына Барнукова.
 

Гандаль ажывае за кошт Расіі

“Мало, но больше, чем ноль”: Беларусь наращивает экспорт, местами и в ЕС
У чэрвені Беларусь амаль дагнала студзеньскі экспарт / Белстат

Нягледзячы на спад экспарту ў Еўропу і выпадзенне ўкраінскага рынку, экспарт Беларусі ў ліпені склаў $3,16 млрд. Гэта ўсяго на $0,15 млрд менш, чым у студзені. Так атрымалася праз рост гандлю з Расіяй. За першае паўгоддзе 2022 года экспарт у Расію вырас на 23%, а імпарт — на 4,4%. Гэта дапамагло Беларусі ў першым паўгоддзі нават атрымаць станоўчае гандлёвае сальда, чаму любяць радавацца чыноўнікі.

— Доля Расіі ў беларускім гандлі вырасла ўжо да 58%. Чым гэты рост тлумачыцца, мы не ведаем. Мы нават не ведаем, гэта рост у фізічных аб'ёмах або проста за кошт росту цэн. Ёсць падставы меркаваць, што рост цэн адыгрывае тут велізарную ролю. Таму што цэны, у прыватнасці на харчаванне, якое мы экспартуем у Расію, растуць.

У цэлым Беларусь усё больш прывязваецца да Расіі і яе рынкаў, адпаведна, больш залежыць ад суседкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі