Максім Знак у зняволенні напісаў тры кнігі

Максім Знак / Еўрарадыё
Максім Знак / Еўрарадыё

Юрыст і палітвязень Максім Знак у зняволенні напісаў тры кнігі. Пра гэта расказаў яго бацька Аляксандр у інтэрв'ю рэсурсу "Настоящее время".

"Адна "Зэкамерон" — я лічу, што з часам многія зразумеюць, што гэта добрая літаратура. Другая, пра юрыстаў, яшчэ нідзе не надрукаваная, яе трэба рэдагаваць і аддаваць у друк. І трэцяя — фантастычная аповесць, але яе ён толькі даслаў", — кажа Аляксандр. Паводле яго словаў, на напісанне кніг Максіма натхнялі лісты людзей. У СІЗА ён атрымліваў лісты ад тысячы чалавек. У калоніі яму абмежавалі зносіны толькі з сям'ёй.

"У яго няма лістоў ад іншых людзей...  І ў яго зніклі і патрэба, і жаданне нешта ствараць", — адзначае бацька Максіма Знака. Ён таксама расказаў, што ў калоніі Максім працуе памочнікам швачкі, але гаварыць пра гэта не любіць. За мінулы месяц Максім зарабіў 46 капеек ($0,18), у іншым месяцы яму налічылі 54 капейкі, расказвае бацька палітвязня. Родныя могуць перадаваць у калонію грошы, каб асуджаны мог атаварвацца ў мясцовай краме. Але ў сітуацыі Максіма і тут узніклі складанасці.

"Раней мы іх адпраўлялі па пошце, але раптам высветлілася, што Максім у нас яшчэ і "тэрарыст" — гэта там, дзе Бен Ладэн, Аль-Каіда, Хамас і гэтак далей. І цяпер, калі на пошце ўводзім прозвішча Знак, яна [сістэма] піша: "Фінансаванне тэрарызму" — і нельга нічога адправіць", — кажа Аляксандр. Таму родныя возяць грошы проста ў калонію ў пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці і перадаюць у бухгалтэрыю наяўнымі.

Аляксандр таксама нагадаў, што акрамя ўзмоцненага рэжыму Максім стаіць у калоніі на ўліку як "схільны да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", носіць жоўтую бірку. Гэты статус дадае абмежаванняў: больш працоўных абавязкаў, менш зносін з роднымі. Да прыкладу, Максіму недаступная камунікацыя па скайпе. "Іншым зняволеным, у якіх няма жоўтых бірак, дазваляюць карыстацца яшчэ і скайпам. А гэтым [палітвязням] нельга. Забойцам, гвалтаўнікам можна, а гэтым — нельга", — адзначае Аляксандр.

На ягоную думку, асноўная памылка Максіма была ў тым, што ён паверыў у дзяржаву і закон. У верасні 2021 года Мінскі абласны суд асудзіў юрыста штаба Бабарыкі Максіма Знака на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго тэрмін павінен скончыцца ў студзені 2030 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі