Вы тут

Макей у ААН: беларускія гарады — адны з самых бяспечных гарадоў у свеце

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Міжнародныя арганізацыі не маюць падставаў для асаблівай увагі да Беларусі па тэме правоў чалавека. Пра гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў на 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Беларускі міністр заявіў, што "так званыя спелыя дэмакратыі" адвольна абвінавачваюць у парушэнні правоў чалавека тыя дзяржавы, якія строга прытрымліваюцца міжнародных дамоваў, а не іх тэндэнцыйных тлумачэнняў. Па словах Макея, абвінавачванні гучаць на адрас тых дзяржаў, якія не ўпісваюцца ў заходнюю карціну свету і дзе Захад хоча любым коштам ліквідаваць уладу.

З гэтай нагоды кіраўнік беларускай дыпламатыі раскрытыкаваў санкцыі. Як вядома, Еўрасаюз рыхтуе чацвёрты пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў лукашэнкаўскага рэжыму.

"Я ўпэўнена кажу пра гэта па той простай прычыне, што горача любімая цацка заходніх краін у выглядзе эканамічных санкцый, актыўна выкарыстоўваецца імі для ціску на іншыя суверэнныя дзяржавы, абсалютна не сумяшчальная з клопатам аб правах чалавека, аб самім чалавеку. Такая тактыка ўяўляе сабой абуральнае парушэнне дэкларацыі прынцыпаў міжнароднага права, заснаванай ў 1970 годзе, у якой абвешчана, што ні адна дзяржава не можа ні ўжываць, ні заахвочваць ужыванне аднабаковых эканамічных, палітычных мер або мер іншага характару з мэтай дабіцца падпарадкавання сабе іншай дзяржавы ў ажыццяўленні ёю сваіх суверэнных правоў", — цытуе TUT.by словы Макея.

Чаму беларускі міністр вырашыў, што заходнія санкцыі накіраваныя на пазбаўленне Беларусі суверэнітэта, незразумела. 

Таксама Макей падкрэсліў: беларускія ўлады ніколі не сцвярджалі, быццам Беларусь ідэальная краіна, але яны катэгарычна не згодныя з суб'ектыўнымі абвінавачваннямі ў парушэннях правоў чалавека. Па словах беларускага міністра, гэта толькі спосаб палітычнага ціску на афіцыйны Мінск.

"Ні адна краіна ў Еўропе не падвяргаецца настолькі моцнаму ціску з боку заходніх краін, як Беларусь. Падобна да таго, што хтосьці не можа прызвычаіцца да думкі, што нягледзячы на жорсткі эканамічны і палітычны прэсінг беларуская дзяржава развіваецца не па выкраеных лякалах заходніх краін, а так, як вырашае сам беларускі народ у сваіх уласных інтарэсах. За гэтую незалежную пазіцыю Беларусь зазнала жорсткую атаку звонку", — заявіў кіраўнік МЗС. 

Ён прызнаў, што частка беларусаў была незадаволеная вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, але не сказаў, што людзі абураліся масавымі фальсіфікацыямі з боку ўлады.
 
"З мэтай звяржэння дзейнай улады былі задзейнічаныя разнастайныя механізмы дэстабілізацыі ўнутранай абстаноўкі: ад тыражаваных у сацсетках фэйкавых навін, стымулявання, і палітычнай, і фінансавай падтрымкі звонку нібыта "стыхійных" пратэстаў, да шырокіх набораў палітычных і эканамічных санкцый", — пералічыў Макей "крыўды". 

Акрамя таго ён згадаў нядаўні Усебеларускі народны сход. На ім, па словах чыноўніка, было пераканаўча пацверджана, што большасць насельніцтва падтрымлівае дзяржаўную палітыку. 

"Мы з гонарам можам заявіць, што беларускія гарады — адны з самых бяспечных гарадоў у свеце, што ўсім грамадзянам у нашай краіне забяспечана магчымасць працоўнай занятасці, прадастаўлена права на пенсію, бясплатную адукацыю і адну з самых даступных і эфектыўных у свеце сістэм бясплатнай медыцыны", — дадаў кіраўнік МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.