МАК прапануе абмежаваць мінімальны ўзрост удзельнікаў Алімпіяды

Кіраўнік МАК Томас Бах​ / Reuters
Кіраўнік МАК Томас Бах​ / Reuters

Неабходна абмеркаваць мінімальны ўзрост спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і іншых буйных міжнародных спаборніцтвах, лічыць кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах. Яго меркаванне прыводзіць "Новая газета".

Паводле слоў Баха, МАК "мае намер абмеркаваць мінімальны ўзрост з міжнароднымі федэрацыямі" і выказаць падчас гэтага абмеркавання сваё меркаванне.

Пытанне ўзнікла на фоне гісторыі 15-гадовай расійскай фігурысткі Камілы Валіевай. У яе допінг-пробе знайшлі забароненае рэчыва, пачалося расследаванне. Ёй дазволілі выступіць на гульнях у Пекіне, але паводле вынікаў спаборніцтваў Валіева аказалася толькі чацвёртай.

Бах назваў гэтую гісторыю сумнай, а прэсінг, які зведала спартсменка, — ціскам "за межамі ўяўлення". Ён абвінаваціў у гэтым расійскі бок.

"Я ўбачыў, як холадна яе сустрэлі з лёду яе трэнеры. Ёй не стварылі камфорту, з ёй гаварылі вельмі холадна. Гэта проста мяне ўразіла, гэта быў нейкі жэст раз'яднання. Для мяне гэта моцнае ўражанне. Не разумею, як можна быць такімі халоднымі ў дачыненні да гэтай дзяўчынкі", — сказаў кіраўнік МАК.

Пра сумнеўныя пробы расійскай фігурысткі стала вядома ўжо падчас Алімпійскіх гульняў у Пекіне, хоць гаворка ішла пра пробы, здадзеныя яшчэ ў снежні 2021 года. Найбольш верагодна, што забароненае рэчыва трапіла ў арганізм дзяўчыны бытавым шляхам. Прэпарат прымае яе дзядуля, які вазіў спартсменку на трэніроўкі, "а трыметазідын быў у яго машыне", — гаварылася ў заяве Спартыўнага арбітражнага суда. Суд не пагадзіўся з высновамі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA).

Каміла Валіева на Алімпіядзе ў Пекіне паспела зрабіцца алімпійскай чэмпіёнкай у складзе расійскай зборнай у камандным турніры. Аднак праз скандальную гісторыю ўзнагароджання да гэтага часу не было.

МОК предлагает ограничить минимальный возраст участников Олимпиады
Каміла Валіева / ТАСС

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі