МАГАТЭ зафіксавала выбухі ў раёне Запарожскай АЭС

Запарожская АЭС
Запарожская АЭС

Магутныя выбухі прагрымелі ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі ўвечары 19 лістапада і раніцай наступнага дня. Эксперты МАГАТЭ, якія на дадзены момант назіраюць за станам станцыі, паведамілі ў штаб-кватэру агенцтва, што чулі выбухі і бачылі іх са сваіх вокнаў.

Яны кажуць, што цягам кароткага прамежку часу раніцай 20 лістапада адбылося больш за дзесяць выбухаў. Спасылаючыся на інфармацыю ад кіраўніцтва станцыі, група МАГАТЭ заяўляе, што на пляцоўцы ЗАЭС былі пашкоджаныя некаторыя будынкі, сістэмы і абсталяванне, але пакуль не здарылася нічога крытычнага для ядзернай бяспекі. Паведамленняў пра пацярпелых не паступала.

Эксперты МАГАТЭ застаюцца ў цесным кантакце з кіраўніцтвам пляцоўкі і будуць працягваць ацэньваць сітуацыю і паведамляць пра яе.

"На пляцоўцы гэтай буйной атамнай электрастанцыі адбыліся выбухі, што зусім недапушчальна. Хто б ні стаяў за гэтым, ён павінен неадкладна спыніцца. Як я ўжо казаў шмат разоў, вы гуляеце з агнём!заяўляе гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі — Гэта рэзка перапыніла перыяд адноснага спакою на аб'екце і яшчэ раз падкрэсліла настойлівую неабходнасць прыняцця мер па прадухіленні ядзернай аварыі".

Гросі зноў звярнуўся з заклікам да абодвух бакоў канфлікту ўзгадніць і як мага хутчэй увесці зону ядзернай бяспекі вакол Запарожскай АЭС. У апошнія месяцы ён вёў інтэнсіўныя кансультацыі з Украінай і Расіяй пра стварэнне такой зоны, але пакуль што безвынікова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі