Лыжнік Далідовіч атрымаў пісьмовае патрабаванне зняць БЧБ-сцяг з гаўбца
Вядомы лыжнік Сяргей Далідовіч атрымаў пісьмовае патрабаванне зняць бел-чырвона-белы сцяг з гаўбца.
Старшыня праўлення ўласнікаў А. Палякоў просіць прыбраць "сцяг з недзяржаўнай сімволікай" і спасылаецца пры гэтым на адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска.
"Хіжынковай яшчэ 15 сутак далі. А тут — здыміце, паважаны... Гісторыя, яна такая — правядзі рэферэндум пра сімволіку цяпер, упэўнены, вярнуўся б сцяг бел-чырвона-белы зноў. І гэта нармальна. Не хачу хаос. Хачу павагі да выбару народа. Не хачу гвалту. Хачу дыялогу. Сцяг не здыму", — напісаў вядомы лыжнік у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Напярэдадні стала вядома, што адміністрацыя Цэнтральнага раёна сталіцы збірае звесткі пра кватэры, у вокнах якіх вывешаная недзяржаўная сімволіка. Намеснік кіраўніка адміністрацыя Вадзім Перадня заявіў, быццам размяшчэнне такой сімволікі стварае перадумовы для парушэнняў грамадскага правапарадку і спакою, нормаў этыкі, маралі і міжасобасных адносін у грамадскім асяроддзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.