Вы тут

Людзі супраць Акадэміі МУС: у іх дварах хочуць пабудаваць інтэрнат для курсантаў

У дварах хочуць пабудаваць інтернат для курсантаў Акадэміі МУС/  naviny.online

Акадэмія МУС, размешчаная ў квартале праспект Незалежнасці-праспект Машэрава-вуліца Чырвоная, плануе пашырацца. Тут хочуць пабудаваць яшчэ адзін навучальны корпус і інтэрнат. Прычым калі зямля пад навучальны корпус знаходзіцца ў кіраванні Акадэміі, то інтэрнат павінен з'явіцца ў дварах жылых дамоў. Там зараз размешчаны гаспадарчыя пабудовы і гаражы.

Напярэдадні адбылася грамадская прэзентацыя праекта. Людзі, якія прыйшлі на яе, выступілі катэгарычна супраць ушчыльнення двара.

Інтэрнат будзе шасціпавярховым і разлічаны на 225 чалавек, распавёў на прэзентацыі намеснік начальніка Акадэміі МУС Мікалай Шваб.

Па яго словах, Акадэміі трэба пашырацца, але будаваць корпуса і інтэрната ў іншых раёнах не хацелася б. У Акадэміі МУС ужо ёсць дзевяць інтэрнатаў, аднак гэтага недастаткова. Курсанты вымушаныя жыць у сціснутых умовах: пры норме 6 "квадратаў" на чалавека маецца толькі 3,4 квадратных метра, растлумачыў Шваб.

Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Шваб / naviny.online

Мясцовыя жыхары, якія прыйшлі на прэзентацыю, спрабавалі зразумець, што будзе з іх дваром, калі тут з'явіцца яшчэ і інтэрнат для курсантаў. Суседства з Акадэміяй нават у цяперашнім фармаце дастаўляе шмат нязручнасцяў.

"Ужо цяпер вашыя курсанты зрабілі з нашых двароў грамадскую курылку і стаянку. І паспрабуй ім зрабіць заўвагу! А што будзе далей?", — казала на прэзентацыі адна з жанчын. Яна баіцца, што ўшчыльненне яшчэ мацней пагоршыць якасць жыцця ў квартале.

"Калі вы будзеце лічыцца з людзьмі, якія там жывуць? Вы ператворыце наша жыццё ў пекла на шмат гадоў. Ніякага абмеркавання наогул не павінна быць", — адзначыла яна.

Людзей турбуе, што іх двор і так недагледжаны — няма дзіцячай пляцоўкі, а калі пад будоўлю высякуць яшчэ і старыя дрэвы, ён стане зусім няўтульным.

"Калі з'явіцца навучальны корпус, інтэрнат, кожную раніцу будуць пад'язджаць машыны, як асабістыя, так і службовыя. У сталовую стануць вазіць прадукты. Атрымліваецца, што адразу некалькі дамоў будуць пазбаўленыя дваровай тэрыторыі", —  непакояцца людзі.

Людзі выступілі супраць будаўніцтва ў іх дварах / naviny.online

Мясцовыя жыхары пыталіся ў аўтараў прэзентацыі, колькі працягнецца будоўля, як на пляцоўку будзе заязджаць транспарт, што будзе з дрэвамі, на якіх падставах наогул выдзелены гэты дваровы ўчастак пад будаўніцтва. Аказалася, зямля яшчэ не выдзелена.

На большасць пытанняў дакладных адказаў так і не прагучала. Людзей запэўнілі, што дрэвы амаль не крануць. Акрамя таго, жыхарам паабяцалі пабудаваць дзіцячую пляцоўку. На пытанне "Дзе?"сказалі, што на месцы кантэйнернай пляцоўкі. А дзе ж тады размесцяць смеццевыя бакі? На гэтае пытанне адказу пакуль таксама няма, паколькі няма праекта, ёсць толькі канцэпцыя.

Яшчэ 23 сакавіка мясцовыя жыхары адправілі ліст у адміністрацыю Савецкага раёна, кіраўніцтву Акадэміі МУС, у архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктары Мінска, у якім выказалі сваю нязгоду з планамі па пашырэнні Акадэміі. Яны лічаць, што з'яўленне новых будынкаў прывядзе да недапушчальнага перавышэння шчыльнасці забудовы і пагаршэння экалагічных і санітарна-гігіенічных умоў. Пад зваротам падпісаліся некалькі сотняў чалавек.

Праект інтэрната Акадэміі МУС / naviny.online

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.