Вы тут

Людзі губляюць грошы — за выходныя ў РБ завялі 41 справу аб кібермахлярстве

Паводле рэкамендацый Нацбанка, сумнеўную размову найлепш максімальна хутка перапыніць і ператэлефанаваць у свой банк / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Нягледзячы на папярэджанні Нацбанка і міліцыі, беларусы па-ранейшаму робяцца ахвярамі фальшывых "супрацоўнікаў банкаў". За выходныя ў краіне завялі 41 крымінальную справу па фактах кібермахлярства, расказалі ў СК.

Гаворка вядзецца пра вішынг — званкі ад нібыта супрацоўнікаў банкаў з просьбай паведаміць дадзеныя пластыкавай карты.  

"Кібермахляры дзейнічаюць на ўзроўні эмоцый, і таму ў многіх выпадках гэтая схема працуе, і людзі губляюць грошы", — кажа афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Паводле яе слоў, чалавеку не даюць часу ацаніць сітуацыю, паглядзець на яе крытычна — "перагружаюць інфармацыяй або выкарыстоўваюць фактар тэрміновасці і дэфіцыту часу, каб ахвяра дзейнічала неабдумана".

Раней Нацбанк і праваахоўнікі неаднаразова заклікалі грамадзян не рэагаваць на такія сумнеўныя званкі. Нацбанк нават распрацаваў спецыяльныя рэкамендацыі. Першая парада: неадкладна перапыніць размову і звярнуцца ў кантакт-цэнтр свайго банка, удакладніць сітуацыю. Калі ж зламыснік паспеў атрымаць дадзеныя карты, максімальна хутка заблакаваць картку і звярнуцца ў міліцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.