Людзі думаюць не пра грошы, а адно пра аднаго: гісторыі валанцёраў "Партызанкі"

Падзякі ад гасцей крамы / Еўрарадыё
Падзякі ад гасцей крамы / Еўрарадыё

Праходзім міма вялізнага гандлёвага цэнтра "Галерэя Макотуў" і заварочваем да маленькага будынка школы.

У "Галерэі" — дзясяткі крам, на "Галерэі" — шыльды з імёнамі большасці брэндаў, якія прыйдуць вам у галаву. У будынку школы — толькі адна крама. І адна шыльда — "Безкоштовна білоруська рука допомоги українцям".

Гэта дабрачынная крама Partyzanka. Тут усё — бясплатна. Прадукты, адзенне, цацкі, дзіцячыя аўтакрэслы. І абдымуць вас тут таксама бясплатна.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Дабрачынная крама Partyzanka / Еўрарадыё

Мы прыехалі ў "Партызанку", каб пагаварыць з Міхасём — беларусам, які з першых жа дзён вайны ўключыўся ў дапамогу ўкраінцам. Міхась жыве і вучыцца ў польскім горадзе Ольштыне. Але калі пачалася вайна, ён узяў месячны адпачынак — і адправіўся на мяжу.

Некалькі тыдняў ён начаваў на вакзале ў Пшэмыслі — памежным мястэчку, праз якое кожны дзень ехалі тысячы ўцекачоў. Цяпер праблема на мяжы стаіць ужо не так востра, і Міхась прыехаў у Варшаву, каб дапамагаць ужо тут.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Малюнкі дзяцей на сценах / Еўрарадыё

У краме ён пазнаёміў нас са сваімі калегамі — Палінай з Харкава і Палінай з Запарожжа. Кожны дзень Міхась, Паліна і Паліна разам працуюць у "Партызанцы". Калі гэтая вайна падарвала ў вас веру ў людзей — проста паслухайце, пра што гавораць гэты хлопец і дзяўчаты.
 

Як для вас пачалася вайна?

Паліна з Харкава: Я даўно жыву ў Польшчы, але ўся мая сям'я — у Харкаве. Як пачалося 24 лютага? Дрэнна.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Паліна з Харкава / Еўрарадыё

Я прачнулася а чацвёртай гадзіне раніцы ад мамінага паведамлення: "Дзякуй богу, ты ў Польшчы". Ва Украіне было пяць. Я нічога не зразумела, патэлефанавала ёй. У трубцы былі чуваць выбухі.

Што рабіла ў той дзень? Працавала. Плакала. Спрабавала спыніць панічныя атакі.

 

Міхась: Я прачнуўся, зайшоў у агульны чат з сябрамі. Там — паніка. У чаце былі хлопцы з Украіны, ім пісалі: хутчэй выязджайце! Я не разумеў, што адбываецца: куды "выязджайце"? Чаму "выязджайце"?

Выйшаў з чата, пачытаў навіны. І на цэлы дзень проста выпаў з жыцця. А на наступны — паехаў у Варшаву. Тут ужо збіралі гуманітарную дапамогу.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Міхась з Беларусі / Еўрарадыё

Вяртаючыся ў свой горад, я не разумеў, навошта туды еду. Усё, што адбываецца тут з уцекачамі, усё, што адбываецца ва Украіне, датычыцца асабіста мяне. Я не разумеў, як я буду вучыцца. На парах сядзеў у апатыі, а адразу пасля пар напісаў заяву на імя дэкана: папрасіў адпачынак на месяц.

І тут жа паехаў на мяжу. Правёў там тыдзень — валанцёрыў, дапамагаў.

 

Паліна з Запарожжа: Калі пачалася вайна, я была дома. Дома — у Запарожжы. Родам я з Васільеўкі — цяпер гэта акупаваны горад. У мяне там засталіся бацькі і брат. А ў Запарожжы — мой малады чалавек. Я паехала ўдваіх з катом.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Паліна з Запарожжа / Еўрарадыё

Не хацела ехаць, спадзявалася, што ўсё абыдзецца. У дзень ад'езду я прачнулася, планавала паснедаць і заняцца сваімі справамі. Але а 8-й раніцы патэлефанавала мама і сказала, што яе сяброўка стаіць у чарзе на эвакуацыйны цягнік.

Я паразмаўляла з Давідам — мой малады чалавек, — і мы вырашылі, што мне таксама трэба паехаць. Усё жыццё змясцілася ў заплечнік і пакет. Паехалі.

 

Як вы правялі першыя тыдні вайны?

Міхась: Першы тыдзень валанцёрыў на мяжы. Потым паехаў у Львоў — там я плёў маскіровачную сетку. Але даволі хутка зразумеў, што там мая дапамога не такая патрэбная, як у пунктах пропуску. Плесці сетку можа хто хочаш — у гэтай справе мяне лёгка замяніць.

А ў пунктах пропуску працы было шмат, а валанцёраў, якія гаварылі б адначасова на англійскай, беларускай, польскай і расійскай, — нашмат менш. І я вярнуўся ў Польшчу.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Міхась / Еўрарадыё

У першыя тыдні плынь уцекачоў была настолькі вялікая, што мы спалі ў лесвічных пралётах на вакзале ў Пшэмыслі. Прачыналіся тамсама — і зноў за працу.

Тады цягнікамі прыязджалі тысячы чалавек. Было вельмі холадна, людзі спалі ў спальніках. Калі людзей у пунктах пропуску стала менш, я вярнуўся ў Варшаву.

Цяпер валанцёру ў "Партызанцы". Прымаю гуманітарку ад людзей, сартую рэчы. Калі чагосьці не стае — іду на склад, дабіраю патрэбнае. У параўнанні з той плынню, якую я бачыў на мяжы, тут мала людзей. Калі я прыходжу раніцай, у чарзе стаіць чалавек 20 — а не тысячы, як гэта было на вакзале ў Пшэмыслі. За дзень сюды прыходзіць чалавек 200-300.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Цацкі ў дабрачыннай краме / Еўрарадыё

І стан людзей, якія прыходзяць сюды, адрозніваецца ад таго, з чым я сутыкаўся на мяжы. У іх ужо няма панікі, яны не стаяць з пустымі заплаканымі вачыма, не ведаючы, што рабіць далей. У іх ёсць дзе жыць, яны ведаюць, што ім трэба: адзенне, прадукты, прадметы гігіены. Ведаюць, дзе ўсё гэта можна ўзяць — напрыклад, тут.
 

Паліна з Харкава: На другі дзень вайны я ўзяла тыдзень выходных і ўключылася ў валанцёрства. Нам усім здавалася, што за тыдзень гэта скончыцца.

Увесь месяц я ездзіла валанцёрыць на мяжу, збірала дапамогу, данаціла грошы. Старалася не быць дома, таму што дома кожную хвіліну здаецца, што ты робіш бескарысныя справы, якія не патрэбныя нікому, акрамя цябе. Таму кожную раніцу хутка прымаеш душ — і едзеш дапамагаць. На вакзалах, на мяжы, тут, у дабрачыннай краме.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Паліна / Еўрарадыё

Гэта дапамагае закрыць патрэбу дапамагчы тым, каму ты не можаш дапамагчы, — сваёй сям'і, блізкім, сябрам. Шмат хто з іх адмаўляецца выехаць, шмат хто з іх так адданы краіне, што не хоча кідаць нават паўразбураныя дамы. Так, я кажу зараз пра сваіх блізкіх: некаторыя адмаўляюцца выязджаць.

Адчувальнасці больш няма. Першыя тры дні ты не ведаеш, як спыніць плач. А потым паміж табой і эмоцыямі вырастае вялікая сцяна. Больш няма канэкту з сабой, з целам, я не заўважаю нічога, што я адчуваю. Для мяне ўсё гэта не мае значэння, галоўнае — устаць крыху раней і быць у страі.

 

Паліна з Запарожжа: Першыя тыдні вайны? На адно плацкартнае купэ нас было 18 чалавек. Нам пашанцавала: мы ехалі без працяглых прыпынкаў і да Львова даехалі за суткі. А некаторыя цягнікі рабілі прыпынкі на пяць гадзін, і тады паездка займала гадзін 30.

У Львове я сустрэла валанцёра, які параіў дабрацца аўтобусам да пешаходнай мяжы. Ехалі як кілька ў бляшанцы. Потым тры кіламетры ішлі пешшу. Быў моцны вецер.

Сем гадзін пераходзілі мяжу з украінскага боку, яшчэ паўтары — з польскага. За двое сутак я паспала дзве гадзіны. Было шмат жанчын, усе стаміліся. Былі крыкі, скандалы. Эмацыйна ўсё гэта было вельмі цяжка. Але было вельмі шмат валанцёраў — і ўкраінцаў, і палякаў. Я вельмі ўдзячная людзям, якія ўсё гэта арганізавалі.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Паліна / Еўрарадыё

Кожны дзень я размаўляю з мамай, пытаюся, як яна маецца. Калі яна кажа, што "сёння ціха", то гэта самае лепшае, што можна пачуць за дзень. Бывае, тата ноччу дасылае фатаграфію. І піша: "Спадзяюся, яшчэ ўбачымся". Бацькі сядзяць у падвале, над імі страляюць. У двор дома прыляталі аскепкі. Гэта вельмі цяжка.

Я радая, што яны не перажываюць за мяне, ведаюць, што я ў бяспецы, і таму трацяць менш нерваў. Але мне цяжка: Давід у Запарожжы, бацькі — у Васільеўцы.

Давід часам дасылае мне відэапаведамленні. На адным відэа нядаўна паказаў мне белую дымку ў небе проста насупраць акна нашага інтэрната. Настолькі блізка. Пытаюся: што гэта? Аказваецца, збілі ракету. Так блізка.

 

Калі ўсё скончыцца, адразу дадому?

Паліна з Запарожжа: Дадому. Толькі дадому.

Тут, у Варшаве, жыве мая цётка. Але адаптацыя далася мне вельмі няпроста. У мяне толькі-толькі ўсё ўстаканілася ў Запарожжы. Я ўпершыню выйшла на працу. Многае здарылася ўпершыню. Усё складвалася, і я толькі-толькі пачала радавацца — як жа ідэальна ўсё атрымліваецца.

І тут мяне вырвалі з майго жыцця.

У Польшчы было шмат праблем. Па-першае — з мовай, па-другое, было пастаяннае пачуццё, што я тут чужая. Я не дома, усе, хто мне дарагі — мая сям'я, мой малады чалавек, — усе яны засталіся ва Украіне.

 

Паліна з Харкава: Больш за ўсё хочацца дадому. Мы з маладым чалавекам ужо прынялі рашэнне, што, як толькі вайна скончыцца, паедзем жыць у Кіеў. Вельмі хочацца прывезці дадому ўсе веды і досвед, які мы тут атрымалі, каб падняць эканоміку Украіны.
 

Міхась: Праз два дні мне трэба будзе вярнуцца на вучобу. Я не ўяўляю, як гэта зрабіць. Не ўяўляю, як перастаць дапамагаць, пакуль мая дапамога ўсё яшчэ патрэбная.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Міхась / Еўрарадыё

За гэты час я многае зразумеў пра сябе. Я даведаўся, што ў крытычныя моманты я адчуваю сябе максімальна спакойна. У звычайным жыцці я магу быць няўпэўненым, але ў крызісныя сітуацыі — вайны ці рэвалюцыі ў Беларусі — у мяне ясныя думкі. Я максімальна прадукцыйны, а калі дрэнныя думкі і прыходзяць, яны мяне матывуюць.
 

Усё будзе добра?

Міхась: Раскажу вам пра сітуацыю на мяжы, якая мне вельмі запомнілася. Праз мяжу ехалі пажылая жанчына і мужчына. Дзядуля ў дарозе перанёс інсульт. Ім трэба было дабрацца да Італіі, але нельга было ехаць з перасадкамі. Бабуля хвалявалася, што пасля інсульту дзядуля проста не перажыве такі "састаўны" маршрут.

Мы ніяк не маглі знайсці прыдатны транспарт, зносіны з Італіяй не вельмі добрыя. І тут мы пазнаёміліся з дзяўчынай, якая прыехала сюды з Лондана. Яна сабрала на краўдфандынгу для такіх выпадкаў тры тысячы брытанскіх фунтаў. І аплаціла білет для гэтай пажылой пары да Балонні.

Бабуля не магла паверыць у тое, што такое магчыма. Такія гісторыі вельмі матывуюць. У нашым свеце ўсё завязана на матэрыяльным. І калі сістэма ламаецца, калі гэтыя правілы перастаюць дзейнічаць, людзі дзівяцца. Дый я сам дзіўлюся. Усё гэта дае веру ў чалавецтва: людзі не меркантыльныя, яны думаюць не пра грошы, а адно пра аднаго.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Склад крамы / Еўрарадыё

Паліна з Запарожжа: Унутры мяне ёсць вера ў тое, што хутка ўсё гэта скончыцца, што ўсё будзе нармальна.

Я супраць расізму, супраць таго, каб дыскрымінаваць нацыю цалкам. У мяне быў перыяд, калі я спрабавала знайсці вінаватых. І ўсю гэтую віну я скідвала на людзей, якія жывуць у Расіі. Але цяпер я вырашыла, што буду сачыць за сабой, за сваімі эмоцыямі. З гэтым усім разбяруцца без маёй злосці.

“Люди думают не о деньгах, а друг о друге”: истории волонтёров из “Партизанки”
Паліна / Еўрарадыё

Ёсць такая выдатная песня Джона Ленана — Imagine. А ў ёй — выдатныя словы: уявіце, што ўсе людзі жывуць у міры. "Лічыце мяне летуценнікам, але раптам?" Вось і ў мяне такая самая надзея ўнутры: можа, да людзей дойдзе, што вайна — гэта ніколі не ўгору, гэта толькі ўніз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі