Вы тут

Ля метро “Грушаўка” вясковую хатку пакінулі проста пасярод будаўнічай пляцоўкі

Дом №33 па 2-ой вуліцы Шчорса / Еўрарадыё

Пасярод вялікай будаўнічай пляцоўкі каля станцыі метро “Грушаўка” слухачы Еўрарадыё заўважылі вясковую хатку. Усе прыватныя дамы навокал ужо знесеныя, а яна самотна стаіць на пустцы, дзе неўзабаве пачнуць капаць катлаван пад шматкватэрныя хмарачосы. 

Нам стала цікава, што за гісторыя звязаная з гэтым домам. Няўжо ён так і застанецца на сваім месцы, калі навокал паўстануць жылыя вышынныя дамы?

Будаўнічая пляцоўка / Еўрарадыё

Гаворка ідзе пра дом №33 па 2-й вуліцы Шчорса. Побач Еўрарадыё знайшло яшчэ адзін аскепак ранейшай забудовы — прыстойны катэдж з белай цэглы. Гэта дом №11 па вуліцы Чырванадонскай. У ім ужо выбітыя вокны, таму з яго лёсам усё больш-менш зразумела. А што з вясковай хаткай з гаражом?

Дом №11 па вуліцы Чырвонадонскай / Еўрарадыё

Права будаваць жыллё на гэтай тэрыторыі ў красавіку 2019 года набыла кампанія “Гранд Хаус Інжынірынг”. З участкам былі значныя цяжкасці, звязаныя з адсяленнем жыхароў прыватнага сектара, расказвалі Еўрарадыё ў кампаніі. Але цяпер будоўлі больш нічога не замінае.

— Мы выйгралі суд ва ўласнікаў гэтых двух дамоў. Паводле рашэння суда, неўзабаве ўласнікі мусяць забраць свае рэчы і пакінуць жыллё, — запэўнілі Еўрарадыё ў “Гранд Хаус Інжынірынг”. — Наколькі нам вядома, транспарт для перавозкі яшчэ не заказвалі. Але высяленне колішніх жыхароў павінна адбыцца ў найбліжэйшы час.

Дом №33 па 2-й вуліцы Шчорса належаў у розных долях некалькім гаспадарам. Мы задаволілі маёмасныя правы ўсіх уладальнікаў доляў, даўшы ім жыллё ў Маскоўскім раёне. Дом №11 па вуліцы Чырванадонскай гаспадары здавалі ў доўгатэрміновую арэнду. Мы выплацілі ўласнікам грашовую кампенсацыю.

Дом №11 па вуліцы Чырвонадонскай / Еўрарадыё

У Еўрарадыё пакуль не атрымалася скантактавацца з жыхарамі катэджаў, пакінутых на будпляцоўцы, каб выслухаць іх версію падзей. Мы прапануем гаспадарам або іх суседзям звязацца з рэдакцыяй Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.