Лукашэнка абразіў лідарак аб'яднанага штаба — Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала: "Сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць".
Паводле Лукашэнкі, яны атрымлівалі з-за мяжы патрабаванні выводзіць людзей на вуліцу і весці "перамовы з уладамі аб добраахвотнай здачы ўлады". "Я пра Польшчу не кажу, — працягваў беларускі кіраўнік. — Там ужо ўсе аселі і таксама пачынаюць дзёргаць за нітачкі. Я не гавару пра Украіну (адтуль ехалі)". Праўда, у выпадку з Украінай Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта "не дзяржаўная палітыка, але там хапае гэтых майданутых".
Раней МУС заявіла пра 39 пацярпелых міліцыянерах. Лукашэнка заявіў, што толькі з АМАПу пацярпелі "каля 25 хлопцаў" — "пераломы рук, ног". "Мэтанакіравана білі па гэтых хлопцах, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Яны адказалі. Чаго цяпер галасіць і плакаць?.. Краіну разарваць мы не дазволім".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што арганізатарам "масавых беспарадкаў" не ўдалося "распаліць пажар у цэнтры Мінска".
Таксама Лукашэнка паведаміў, што ў Навагрудку і Карэлічах былі спробы "штурмам" захапіць органы ўлады, што была спроба захапіць аддзел міліцыі. А ў нейкім горадзе на поўдні краіны пратэстоўцамі быў акружаны райвыканкам і "давялося памежнікам умяшацца". Таксама беларускі кіраўнік прызнаўся, што загадаў вайскоўцам і Службе бяспекі прэзідэнта на ваенных аўтамабілях вывезці членаў выбарчых камісій з заблакаваных будынкаў.
Тым не менш, выбары прайшлі як свята, лічыць кіраўнік Беларусі.