Лукашэнка vs пасярэднікі: ворагі №1 ужо... 18 гадоў

Аляксандр Лукашэнка ў 2003 годзе / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка ў 2003 годзе / president.gov.by

1 сакавіка падчас даклада старшыні КДК Васіля Герасімава Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыбраць з гандлю пасярэднікаў.

"Пасярэднікі спрыяюць павышэнню кошту тавару працэнтаў да 30, а то часам і больш па асобных пазіцыях. Нам такое пасярэдніцтва не трэба. І трэба выключыць усякае пасярэдніцтва ўнутры Беларусі. Што гэта за парадак такі: я купляю тавар за плотам, і мне яшчэ нейкі патрэбны пасярэднік? Не патрэбныя ніякія пасярэднікі", — заявіў ён.

Выглядае на тое, што ў 2021 годзе Лукашэнка заеўся на пасярэднікаў не на жарт. Бо зусім нядаўна, на Усебеларускім народным сходзе, ён ужо патрабаваў "паставіць на месца пасярэднікаў і тых, хто жыруе на сялянах і людзях, якія займаюцца вытворчасцю".

Такім чынам, знойдзены вінаватыя ў росце цэн і разгоне інфляцыі: гэта пасярэднікі! Вось улады "выключаць" іх, "паставяць на месца", і неабходнасць у спісе тавараў, цэны на якія рэгулююцца ўрадам, адпадзе? Аднак, калі паглядзець на гісторыю барацьбы Лукашэнкі з пасярэднікамі, падстаў для аптымізму паменшае. Бо яна пачалася ў далёкім...

...2003 годзе

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

"У апошнія некалькі месяцаў з удзелам кіраўніка дзяржавы разгледжана сітуацыя ў аўтамабілебудаванні, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, энергетыцы, піваварнай прамысловасці, а таксама ў сферы аховы здароўя, адукацыі, шэрагу галін, якія маюць высокую прыбытковасць. Адна з задач, якая была пры гэтым сфармуляваная, — прыбраць лішніх пасярэднікаў ва ўсіх звёнах, якія "прысмакталіся" да фінансавых патокаў прадпрыемстваў, і гэта задача будзе вырашана цяперашнім урадам сёлета", — упершыню сказаў Лукашэнка амаль 18 гадоў таму падчас свайго паслання да народа і парламента Рэспублікі Беларусь.

2004

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

Па-ранейшаму не вырашана праблема ліквідацыі бартарных аперацый і пасярэдніцкіх схем пры рэалізацыі прадукцыі, абураўся Лукашэнка праз год, прымаючы ў сябе з дакладам тагачаснага прэм'ера Сяргея Сідорскага, ад якога патрабаваў "цалкам пазбавіцца ад пасярэднікаў": "Або па прычыне суб'ектыўнай, што не туды ўлезлі і грошы грабуць у кішэню, або калі не ўсочыш, то бартар усё роўна шкоду прынясе прадпрыемству. У адваротным выпадку на тым баку ніхто працаваць не будзе. Пасярэднік па бартары — ён жа хоча ад цябе адарваць кавалак, значыць, ты злоўжываеш службовым становішчам. Вырабілі рэнтабельны прадукт — прадайце. Калі ваш прадукт нікому за грошы не патрэбны, няма чаго такі яго вырабляць".

2009

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

Праз пяць гадоў Лукашэнка з рабочым візітам наведвае прадпрыемствы Нясвіжскага раёна. Сярод іншага ён каментуе рашэнне аб адмене пастановы Савета Міністраў №991.

"Гэта абсалютна лішняя, непатрэбная пастанова. Гэта галавацяпства",сказаў тады Лукашэнка.

"Неабходнасць унікання пасярэднікаў у гандлі — гэта не новае. Я заўсёды настойваў на тым, што трэба прыбіраць як мага больш лішніх пасярэдніцкіх звёнаў з эканамічнага ланцужка. Але тое, у каго што купляць і каму прадаваць, — гэта справа кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэта ім я адрасоўваў гэты пасыл — бо працаваць без пасярэднікаў абыходзіцца танней. Але чаму мы павінны ўказваць канкрэтнаму кіраўніку, як яму дзейнічаць?"

Пастанова Савета Міністраў №991 указвала, што юрыдычным асобам трэба закупляць тавары выключна ў вытворцаў і афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Такім чынам, прадпрыемствы-пасярэднікі выключаліся з працэсу рэалізацыі айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі краіны. Незразумеласць дакумента спарадзіла трактоўкі, згодна з якімі ні адно прадпрыемства не магло цяпер набыць пачак запалак або паперы, не заключыўшы прамой дамовы з вытворцам або яго прадстаўніком.

2011

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

"На беларускую прадукцыю не павінна быць ніякіх пасярэднікаў. Праверыць і вывернуць усё навыварат",запатрабаваў Лукашэнка ў 2011 годзе падчас нарады па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у сталіцы.

"Кастрычнік — я вам даю час для таго, каб вы навялі ідэальны парадак. Па кадрах разбіраецца Уладзімір Макей. Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін займаецца сваімі пытаннямі, звязанымі з будаўніцтвам у тым ліку, а Аляксандр Якабсон — пытаннямі пасярэдніцтва і бюджэтных аб'ектаў. Думаю, што гэта апошняя наш размова ў гэтым плане. І яна павінна стаць навукай для ўсіх у краіне. У адваротным выпадку — літасці не чакайце", — рэзюмаваў сваю, відавочна, не апошнюю размову пра пасярэднікаў Лукашэнка.

Што стала з удзельнікамі той гутаркі?

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей праз год сядзе ў крэсла міністра замежных спраў, старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон у 2014 годзе зойме пасаду памочніка Лукашэнкі — інспектара па горадзе Мінску. А віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін паедзе амбасадарам Беларусі ў Малдову — гэта адбудзецца ў 2020 годзе.

Мабыць, адзіныя, хто застанецца на сваіх месцах, гэта пасярэднікі.

2012

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

Усяго праз год Лукашэнка зноў будзе "ператрахваць" сваіх падначаленых на спецыяльнай нарадзе, прысвечанай пытанням пасярэдніцтва.

"Дзяржава і эканоміка нясуць страты праз тое, што ўтварыўся цэлы паразітычны пласт тых, хто жыруе на спекуляцыях. Гэтая праблема стала крымінальнай. Перш за ўсё таму, што пасярэднікі — гэта ў асноўным сваякі, дзеці, набліжаныя, сябры асобных кіраўнікоў, якія закупляюць такі тавар, ці гэта беларускі ці імпартны. Кажуць, што гэта натуральна для рынкавай эканомікі. Можа, і натуральна, але я не хачу, каб мы палову адпаведных людзей перасаджалі ў турму",сказаў Лукашэнка.

2018

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

Лукашэнка патрабуе канчаткова разабрацца з праблемай пасярэдніцтва як у фармгаліне, так і ў іншых сферах. Пра гэта ён заявіў у 2018 годзе, наведваючы прадпрыемства "Мінскінтэркапс".

"Гэта датычыцца ўсёй краіны. Пасярэднікі нас абдзіраюць нагала. Давайце разбірацца з гэтай праблемай. Гэта праблема не толькі ў іх, я ўжо дзесяць разоў казаў пра пасярэдніцтва",сказаў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што заробак пасярэднікаў часам складае палову ад цаны тавару: "Гэта падаражае тавар. Чаму мы не займаемся гэтым пытаннем? Гэта пытанне нумар адзін".

2021

Лукашенко vs посредники: враги №1 уже... 18 лет

 

І вось, у 2021 годзе пасярэднікі — зноў ворагі №1. Сёлета абвешчаная ім публічная вайна адзначае паўналецце. І выглядае на тое, што яна будзе працягвацца, пакуль Лукашэнка не сыдзе. Або пакуль хто-небудзь яму не растлумачыць, што эканоміка без пасярэднікаў не працуе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі