30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ўручаў дзяржаўныя ўзнагароды "заслужаным дзеячам розных сфер", у тым ліку і сілавікам. Сярод прысутных ён вылучыў "унікальнага чалавека" — Мікалая Чаргінца, піша president.gov.by. Рускамоўны літаратар, генерал нядаўна атрымаў званне "народнага пісьменніка Беларусі".
Лукашэнка падзякаваў Чаргінцу "за актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзяржаўную і навуковую дзейнасць, за дапамогу маладым талентам у перыяд кіраўніцтва Саюзам пісьменнікаў".
"Мікалай Іванавіч, вам ад усіх нас — самага вялікага даўгалецця, здароўя", — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. І заявіў, што пісьменнік павінен і далей пісаць, бо "чытачы чакаюць новых твораў аўтара". А прататыпамі галоўных герояў для іх могуць стаць прысутныя на цырымоніі, адзначыў Лукашэнка.
Мікалай Чаргінец паабяцаў, што будзе пісаць. Ён спадзяецца дажыць да 100 гадоў.