Лукашэнка — саўдзельнік Расіі ў вайне — намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША

Робін Даніган / Фота з сацсетак 
Робін Даніган / Фота з сацсетак 

У ЗША Аляксандра Лукашэнку ўспрымаюць як саўдзельніка Расіі ў вайне з Украінай. Пра гэта заявіла ў інтэрв'ю рэсурсу, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім, намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША Робін Даніган. Яна адказвае за дыпламатыю ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

"Лукашэнка сапраўды саўдзельнік у гэтай вайне. Ён дазволіў выкарыстоўваць Беларусь як тэрыторыю, з якой вядзецца вайна супраць Украіны. Мы ўвялі за гэта санкцыі супраць Беларусі, мы казалі беларускім уладам, што зробім гэта, калі яны дазволяць, каб вайна вялася з тэрыторыі Беларусі. Яны дазволілі, і мы ўвялі санкцыі", — сказала Робін Даніган.

Пры гэтым успрыманне Лукашэнкі не змянілася і пасля таго, як расійскія войскі пачалі выводзіць з Беларусі, а ракетныя ўдары з тэрыторыі РБ спыніліся.

У Даніган таксама спыталі пра перспектыву прызнання Беларусі краінай пад расійскай акупацыяй. Яна не стала разважаць на гэтую тэму, толькі адзначыла, што юрыдычныя аспекты пры прадастаўленні такіх азначэнняў "могуць мець шмат розных наступстваў у будучыні".

Робін Даніган таксама адзначыла, што ў ЗША не забылі і пра ўласна беларускае пытанне. Там памятаюць пра палітвязняў і рэпрэсіі ўлады супраць іншадумцаў. Паводле яе слоў, "мы ўсё яшчэ працягваем уводзіць санкцыі супраць беларускіх уладаў за палітвязняў, падаўленне дэмакратыі і гэтак далей. Мы не забылі пра гэта і ніколі не забудзем".

Дыялог паміж ЗША і Беларуссю цяпер калі і магчымы, то толькі на вядомых умовах — гэта вызваленне ўсіх палітвязняў, новыя сумленныя выбары і спыненне рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі