Лукашэнка расказаў, як прасіў дапамогі ў Пуціна

Лукашэнка расказаў, як прасіў дапамогі ў Пуціна

Падчас паездкі ў Оршу Аляксандр Лукашэнка расказаў, як прасіў сілавую дапамогу ва Уладзіміра Пуціна

Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, прычына такой размовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Расіі — боязь, што Беларусь можа ператварыцца ў тэатр ваенных дзеянняў. Пры гэтым Лукашэнка заяўляе, што Захаду Беларусь не патрэбная. "Беларусь — гэта трамплін, як звычайна, у Расію. Толькі не так, як Гітлер групу армій "Цэнтр" кінуў на Маскву. Тэхналогіі іншыя. Трэба зламаць гэтую ўладу, якая ёсць, падсунуць іншую, якая звернецца да замежнай дзяржавы, каб увялі войскі і аказалі падтрымку. Ім патрэбны тут рынак, дзе яны будуць гандляваць сваёй прадукцыяй", — патлумачыў Лукашэнка сваё бачанне сітуацыі.

У якасці доказаў ваеннай пагрозы ён паведаміў, што амерыканскія самалёты F-16 перакінутыя з-пад Берліна на тэрыторыю Польшчы і Літвы.А на іх, маўляў, можа быць на падвесках ядзерная зброя. Пасля гэтага беларускі кіраўнік спаслаўся на вучэнні NATO, якія, нібыта, прымусіліяго  палову беларускага войска прывесці ў поўную баявую гатоўнасць і акружыць Гродна. На думку Лукашэнкі, гэты горад у Беларусі збіраюцца захапіць.

"Гэта што, нармальна? І вы мяне пачынаеце крытыкаваць, што я з аўтаматам там бегаю па вуліцах і гатовы страляць ва ўласны народ. Слухайце, я за чвэрць стагоддзя ў народ ніколі пальцам не паказваў, не тое што страляць", — абурыўся ён.

Таму Лукашэнка, маўляў, і звярнуўся да Пуціна па дапамогу. "Калі там тузануцца за межамі, трэба задзейнічаць сумесную групоўку Узброеных Сіл, асновай якой з'яўляецца беларускае войска. А расіяне нас павінны падтрымліваць і рухацца за намі. Мы стварылі рэзервы з ім. Ні адзін салдат з Расіі не перасек нашу мяжу. Мы пакуль спраўляемся самі. Але ў нас нават не здрыганецца ні голас, ні рука, ні нага для таго, каб разам устаканіць любога, хто тузанецца на заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы", — прыгразіў ён.

Лукашэнка заявіў, што прымаючы адпаведныя меры, Расія будзе абараняць не Беларусь, а найперш саму сябе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі