Лукашэнка расказаў, чаму выпусціў з-за кратаў Анжаліку Борыс

Анжаліка Борыс / hrodna.life

Анжаліку Борыс выпусцілі з-за кратаў па просьбе яе маці, якая звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў падчас наведвання мемарыяльнага комплексу "Хатынь".

"Ну, мама яе (ужо, напэўна, ва ўзросце чалавек) піша мне ліст: "Я хутка памру". Хутчэй за ўсё, прыхільніца наша — маці. Я думаю: "Ну, слухай, Борыс сякая-такая. Ну добра, будзе яна сядзець, ну і што? Старая прыйшла, вось яна просіць". Я... Нават гэта было асабістае рашэнне. Там усе былі супраць. "Ай, што, — я кажу: — Ну і што, краіну пераверне? Не. Трэба адпусціць". Маці прыехала, кажу: "Аддайце яе маці". Паводле закону, усё як належыць. Маці прыехала, забрала. Да гэтага часу ўдзячная", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўніцу неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 21 сакавіка 2021 года. На яе пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК — абвінавацілі ў дзеяннях, накіраваных на распальванне варожасці, рэабілітацыю нацызму.

Паведамлялася, што Борыс прапаноўвалі з'ехаць за мяжу, як і іншым затрыманым актывісткам Саюза палякаў, але яна адмовілася.

25 сакавіка 2022 года актывістку перавялі з СІЗА ў гродзенскай турме №8 пад хатні арышт. Суда над ёй яшчэ не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.