Вы тут

Лукашэнка прызнаў, што на БТ запрасілі расійскіх журналістаў

Акцыя пратэсту каля БТ / Еўрарадыё

На Белтэлерадыёкампанію сапраўды прыехалі працаваць журналісты з Расіі замест тых, хто звольніўся або вырашыў баставаць. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас паездкі на агракамбінат "Дзяржынскі".

"У нас у Расіі працуюць каля 60 тысяч так званых гастарбайтэраў. На розных пасадах, нават у палітыцы. Расіяне нам прэтэнзій не выстаўляюць", — цытуе БЕЛТА яго словы.

Лукашэнка заявіў, што пратэставаць пайшлі журналісты, "у асноўным якіх я на руках насіў. Яны выраслі і раптам зразумелі, што ў іх чагосьці не хапае". 

Пасля гэтага ён распавёў падрабязнасці: "Я папрасіў расіян: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак. Гэта 6 ці 9 чалавек з самага прасунутага тэлебачання. І наша моладзь хай паглядзіць, як працуюць. Слухайце, гэтыя яшчэ 2-3 групы не прыехалі, а палова тых, якія пасціліся і бегалі вакол Белтэлерадыёкампаніі, — назад. Я кажу: ну добра, сёння возьмем назад. Хто заўтра пойдзе — не прымаем".

Адну групу расійскіх журналістаў Лукашэнка, па яго словах, вырашыў узяць у свой пул. 

Прысутнасць расіян у інфармацыйным полі многія гледачы заўважылі па тым, што тыя ўпарта пішуць і кажуць "Белоруссия".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што заробак расійскія журналісты атрымліваюць увогуле не ў Беларусі. "Слухайце, няўжо я для 6 або 9 чалавек не знайду ў Расіі сяброў, якія падтрымаюць гэтых людзей!" — такім чынам адказаў ён на звесткі ў Telegram-каналах, што расіяне атрымліваюць заробак у 5000 беларускіх рублёў. 

Гэтаксама ён прыгразіў салігорскім шахцёрам "Беларуськалія", што заменіць іх штрэйхбрэйкерамі з Украіны. 

"У нас у Салігорску 2 тысячы чалавек хочуць працаваць на "Беларуськаліі". Яны прыйдуць. Не яны прыйдуць — ва ўсім свеце беспрацоўе. Прыедуць з Украіны шахцёры. Іх мора — беспрацоўных", — зазначыў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.